Супербабулю-2019 выбралі ў Слуцкім раёне

Конкурсная праграма «Супербабуля-2019» адбылася ў Мялешкаўскім цэнтры культуры і вольнага часу 2 сакавіка.

Фінальная частка конкурсу, які праводзіў Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці ўжо другі раз, сабрала поўную залу гледачоў. І прайшла на ўра. Якія ж яны маладыя, таленавітыя, прыгожыя, нашы бабулі!

Сем пераможцаў адборачных тураў змагаліся за галоўны тытул. А перад пачаткам праграмы журы ацаніла, якія яны цудоўныя гаспадыні і рукадзельніцы: кожная канкурсантка прэзентавала сваё хобі, частавала выпечкай і закускамі.

Анастасія Сяргееўна Паўленка (Вясея) здзівіла майстэрствам бісерапляцення і прыгожымі пано з бісеру, Галіна Яўгенаўна Бойка (Мялешкі) – адмысловая вышывальшчыца і сапраўдны кандытар, Зоя Леанідаўна Швядко (Селішча) вяжа цудоўныя рэчы ўсім сваім унукам, Вера Анатольеўна Наскова (Маяк) у вольны час вышывае, стварае ўпрыгажэнні з лент, а якія бліны з мачанкай гатуе. Святлана Барысаўна Аліноўская (Замосце) сапраўдная чараўніца на кухні: фаршыраваны шчупак, руляда ды іншая смаката спадабалася журы. Людміла Іванаўна Кейлер (Падлессе) вышыла карціну па фотаздымку любімай унучкі, робіць тапіарыі. Галіна Аляксееўна Дзяржак (Вежы) вяжа, а родных частуе ажурнымі блінчыкамі, тарталеткамі і рознымі рулецікамі. Адным словам, кожная з бабуль навучыць унукаў і кулінарным тонкасцям, і хэндмэйд-майстэрству.

Сярод удзельніц фіналу бабулі з розным вопытам і стажам. У Святланы Барысаўны Аліноўскай і Веры Анатольеўны Насковай, як, дарэчы, і ў адной з вядучых праграмы Людмілы Віктараўны Дзьякавай, ужо сямёра ўнукаў, у Зоі Леанідаўны Швядко – чацвёра, трое ў Галіны Аляксееўны Дзяржак. А вось Анастасія Сяргееўна Паўленка толькі набіраецца бабулінага вопыту, яе ўнучку няма яшчэ годзіка. У Людмілы Іванаўны Кейлер і Галіны Яўгенаўны Бойка таксама па адной унучцы.

Бабулі прадставілі сябе ў візітцы, прадэманстравалі творчыя таленты і спартыўныя здольнасці. Падчас выступленняў дапамагалі ім на сцэне і дзеці, і ўнукі, і сябры. У зале была таксама моцная падтрымка.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Определены победительницы областного конкурса красоты «Мисс Минщина»

Вельмі складана было журы ацэньваць выступленні гэтых цудоўных бабуль, кожная з іх адметная сваім талентам, кожная проста супер.

Пакуль журы падлічвала балы, гледачоў радавалі сваімі выступленнямі самадзейныя артысты: Максім Сарока, удзельніцы адборачных тураў конкурсу Тамара Лешчанка і Таццяна Таран, вакальная група «18+», Мікалай Такалаў, дзіцячы фальклорны калектыў «Вясейка», Валянціна Дзяшчэня, Зоя Рахінская, дуэт «Каліна».

Галоўны тытул «Супербабуля-2019» заваявала Галіна Яўгенаўна Бойка з Мялешак. Яна ж атрымала сертыфікат на падпіску ад рэдакцыі газеты «Слуцкі край» за цудоўна інсцэніраваны на роднай мове народны абрад хрэсьбін. Тытул «Бабуля-фітнэс» атрымала А.С. Паўленка, «Бабуля-гаспадынька» – С.Б. Аліноўская, «Бабуля-крэатыў» – Л.І. Кейлер, «Бабуля-абаянне» – З.Л. Швядко, «артыстка» – В.А. Наскова, «свята» – Г.А. Дзяржак. Усе бабулі-фіналісткі ўзнагароджаны дыпломамі, падарункамі, прызамі. Цудоўнае мерапрыемства адбылося дзякуючы падтрымцы райкама прафсаюза работнікаў АПК, райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, раённай арганізацыі ГА «Белая Русь», раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, раённай арганізацыі ветэранаў, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», ІП Л.В. Цімчанка, прадстаўніцтву Белдзяржстраху па Слуцкім раёне, сетцы магазінаў «Залатая мара», ААТ «Слуцкі хлебазавод».

Зусім не важны ўзрост і колькасць унукаў, пазітыў, крэатыўнасць і любоў самых блізкіх людзей гарантуюць вам прыгажосць і маладосць. Кожная бабуля можа быць супер!

Ірына ВЕЧАР
Газета «Слуцкий край»

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.