Нявесту не кралі, падвязку не здымалі… Як святкавалі вясселле на Случчыне ў XX стагоддзі

Работнікі культуры Случчыны аднавілі традыцыі, якіх прытрымліваліся на вяселлі ў гарадах і вёсках раёна на пачатку ХХ стагоддзя.

І заходняе не перанялі, і пра сваё забыліся

У 2017 годзе ў Слуцкім цэнтры традыцыйнай культуры справілі першае вяселле па старадаўніх канонах. З выкарыстаннем народных абрадаў за два гады тут ажаніліся пяць пар. Не многа, канешне, і гэта сведчыць пра тое, як лёгка традыцыі страціць і цяжка адрадзіць.

fotoНа пачатку ХХ стагоддзя, як і раней, для нашых продкаў вяселле ў першую чаргу было важным абрадам стварэння сям’і. І абавязкова трэба было правесці яго строга па канонах.

– На жаль, многія традыцыі не захаваліся ці дайшлі да нас у змененым выглядзе. Мы па крупінках аднаўляем нашу абрадавую спадчыну: размаўляем са старажыламі Случчыны, вывучаем навуковыя часопісы і кнігі, – расказвае Раіса Кернажыцкая, кіраўнік этнаграфічна-тэатральнага калектыву «Калаўрот» Слуцкага цэнтра традыцыйнай культуры. – Дапамог мне і сшытак маёй бабулі, Людмілы Венядыктаўны Івашкевіч, у які яна запісвала вясельныя песні, святочныя традыцыі Случчыны пачатку ХХ стагоддзя.

fotoРаіса Кернажыцкая ўдакладняе: большасць сучасных вясельных звычаяў, якія выдаюць за народныя, да беларускіх традыцый не маюць дачынення. Напрыклад, вешаць замочак на мост, а ключы кідаць у раку. Нашы продкі, наадварот, захоўвалі свой замочак на працягу ўсяго жыцця і адчынялі яго толькі ў самыя важныя моманты. Ці традыцыя сустрэчы маладых хлебам. Зараз жаніх і нявеста адломліваюць ад бохана па кавалачку і частуюць адно аднаго. Раней жа хлеб толькі цалавалі ў знак пашаны, а пасля забіралі дамоў і павінны былі з’есці яго только ўдваіх.

Сям’я Ганчар Ніна Філімонаўна, Сухім Іслам Ібрагімавіч. 1949 год. в. Горкі
Сям’я Ганчар Ніна Філімонаўна, Сухім Іслам Ібрагімавіч. 1949 год. в. Горкі

– Ніколі ў нас не здымалі падвязку з нявесты, не кідалі букет, не прымяралі вэлюм, не пілі з туфліка маладой, не збіралі грошы «на хлопчыка ці дзяўчынку». І – барані Божа! – не кралі нявесту: гэта ж амаль што скампраметаваць дзяўчыну! – адзначае Раіса Яраславаўна.

Крыху змененым да нас дайшоў абрад зняцця вэлюму. Раней ён называўся «Завіванне маладой». Пад канец вяселля з пакоя выходзілі ўсе госці і заставаліся толькі некалькі замужніх жанчын, якія знімалі з нявесты вэлюм і вянок, апраналі чапец і завязвалі намітку – жаночы галаўны ўбор. Вэлюм забірала свякроў і вешала на покуці – каб усе, хто зойдзе ў хату, ведалі: тут жыве маладая нявестка.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Работники структурных подразделений Центра приняли участие в субботнике

– На Случчыне пасля «Завівання маладой» разам з нявестай на лаўцы садзіліся дзве жанчыны. Усе яны накрываліся вялізнымі хусткамі, і жаніх са спіны павінен быў пазнаць сваю каханую. Калі не пазнаваў з першага разу – плаціў выкуп, – расказвае Раіса Кернажыцкая.

Не менш цікавы рытуал – збіранне крошак ад вясельнага каравая. За іх заўсёды ішла спрэчка паміж хлопцамі і дзяўчатамі. Дзеўкі хацелі хуценька сабраць рэшткі пірага і закінуць іх далёка на дах – каб пайсці замуж далей ад роднай хаты. А хлопцы ім перашкаджалі: не хацелі адпускаць нявест у чужыя мясціны.

– Яшчэ прыкладна да 1960-х гадоў усе гэтыя традыцыі захоўваліся на вяселлях. А пасля стаў узмацняцца заходні ўплыў. Зараз мы дзесьці пасярэдзіне: і заходняе поўнасцю не перанялі, і сваё амаль забылі, – адзначае Раіса Яраславаўна. – Але трэба прызнацца: апошнім часам да нас досыць часта звяртаюцца людзі, каб даведацца, як правільна гуляць вяселле. Мы не толькі тлумачым, але і запрашаем да нас у цэнтр традыцыйнай культуры адсвяткаваць сапраўднае вяселле па-слуцку.

Сям’я Астроўскіх. 1963 год. в. Грэск
Сям’я Астроўскіх. 1963 год. в. Грэск

Вясельны стол – абавязкова літарай «П»

На пачатку ХХ стагоддзя вяселле на Случчыне гулялі не менш за два дні: першы – у хаце нявесты, другі – жаніха. Бывала, гулянка працягвалася і на трэці дзень.

Сям’я Астроўскіх. 1963 год. в. Грэск
Сям’я Астроўскіх. 1963 год. в. Грэск

– Вяселле гуляла ўся вёска. Зразумела, за стол запрашалі не ўсіх, але на танцы прыходзілі з кожнай хаты: маладыя – патаньчыць, старыя – паглядзець, – тлумачыць дырэктар Квасыніцкага цэнтра рамёстваў Наталля Матусевіч.

Цыбулька Вольга Міхайлаўна. в. Горкі. 1945 год
Цыбулька Вольга Міхайлаўна. в. Горкі. 1945 год

Вясельныя сталы абавязкова ставілі літарай «П» і ні ў якім разе не літарай «Г» – гэта памінальны стол. Вясельную вячэру гатавалі ўсе разам. Вядома, стараліся пачаставаць гасцей самым смачным.

Абавязкова калолі парася, і на вясельных сталах з’яўляліся пальцам пханая каўбаса, смажанае сала, варанае мяса, патрашонка. Гатавалі яешню, кісель, капусту, рэдзьку з алеем, локшыну – макарону з малаком. Калі ў сям’і меліся рыбаловы, на стол трапляла рыбка – смажаная і сушаная.

Убор на доўгія гады

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Рукадзелле, якое прыносіць радасць

Знайсці сёння арыгінальны вясельны касцюм жаніха тых часоў амаль немагчыма – яго зношвалі дашчэнту. Але, як і сёння, 70–80 год таму гэта былі класічныя кашуля, штаны і пінжак, якія потым яшчэ доўгія гады апраналі «ў людзі».

– На пінжакі знутры нават прышывалі спецыяльныя рызінкі, каб з цягам часу можна было змяняць памер адзення. Ведалі: такая дарагая рэч, як касцюм, павінна шыцца не на адзін дзень, – расказвае дырэктар Квасыніцкага цэнтра рамёстваў Наталля Матусевіч.

Знешняму выгляду маладой удзялялі значна больш увагі. Што цікава, у меншай ступені нявесту хвалявала сукенка: яна не заўсёды была белай, ды і не кожная дзяўчына шыла яе спецыяльна для вяселля.

foto   nina ganchar
Адноўленая вясельная сукенка Ніны Ганчар, якая ішла замуж у 1949 годзе. Кветкамі з вэлюму ўпрыгожылі абраз

– У 30–50-я гады нявеста магла апрануць проста святочную сукенку. А калі і шылі спецыяльны ўбор, дык часцей не белы, а больш практычны, каляровы. Пасля вяселля сукенку пераводзілі ў ранг адзення «на выхад», а з цягам часу, калі яна страчвала свой знешні выгляд, апраналі замест сарочкі, – расказвае Наталля Гарбацэвіч, супрацоўнік Квасыніцкага цэнтра рамёстваў. – Мая бабуля Вольга Міхайлаўна Цыбулька ішла замуж адразу пасля вайны, у 1945 годзе.

Вясельную сукенку Вольгі Цыбулькі дапамагала аднавіць унучка
Вясельную сукенку Вольгі Цыбулькі дапамагала аднавіць унучка

Вясельная сукенка ў яе была саматканая, белая, з вышытымі чырвонымі ўзорамі. Нашы майстры аднавілі яе да Года вясельнай абраднасці. Паказвала бабулі, што атрымалася, ёй спадабалася…

Значна больш увагі, чым сукенцы, нявесты першай паловы ХХ стагоддзя ўдзялялі вэлюму. Галаўны ўбор рабілі самі. Удзел у гэтым маладая прымаць не магла, над вяночкам завіхаліся яе сяброўкі ці суседкі. Рабілі вэлюм з марлі, фаціну, бязі. Прыкладна да 70-х гадоў ён быў доўгі, да падлогі. Упрыгожвалі вэлюм вяночкам з рознакаляровых кветачак і ватных «пацерак», яркімі стужкамі.

– Кветкі рабілі з гафрыраванай каляровай паперы, «пацеркі» – з ваты, накручанай на дрот. Пасля іх акуналі ў воск ці парафін. Атрымлівалася трывала і вельмі прыгожа. Дарэчы, такі галаўны ўбор быў даволі цяжкі, для нявесты гэта было няпростае выпрабаванне, – усміхаецца Наталля Матусевіч.

Пасля 1970-х гадоў вэлюм стаў паціху знікаць з вясельных фотаздымкаў. Яму на змену прыйшоў звычайны белы вяночак.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Квасыничские мастера – участники XXIІ Национального фестиваля белорусской песни и поэзии «Маладзечна-2023»

Кацярына ЕЛІСЕЕВА

Фота аўтара і з архіваў Слуцкага раённага цэнтра народнай творчасці
sluck.mlyn.by

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.