Квасыніцкі цэнтр рамёстваў з’яўляецца дзяржаўнай клубнай установай новага тыпу, дзейнасць якой накіравана на захаванне, зберажэнне і прапаганду лепшых здабыткаў народных промыслаў і рамёстваў. Установа выконвае культурна-асветныя, навучальна-вытворчыя, метадычныя і камерцыйныя функцыі, ажыццяўляе сваю дзейнасць у цесным узаемадзеянні з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, творчымі саюзамі, навучальнымі ўстановамі.
Пад дахам установы ў цяперашні час плённа працуюць шэсць творчых майстэрань: «Ткацтва», «Беларуская лялька», «Праца з глінай», «Аплікацыя і інкрустацыя саломкай», «Саломапляценне», «Лозапляценне», у якіх дзейнічае 7 гурткоў, дзе займаецца 55 юных жыхароў вёскі Квасынічы і навакольных вёсак; аматарскае аб’яднанне народны клуб народных майстроў «Крылы творчасці», якое налічвае 22 удзельнікі, тэатральны гурток «Батлейка» – сем удзельнікаў. Майстры цэнтра рамёстваў стварылі цёплую атмасферу, якая дазваляе раскрываць індывідуальныя схільнасці кожнага гурткоўца, яго фантазію, выклікаючы цікавасць да гісторыі роднага краю, мінулага беларускага народу.
З першых дзён свайго існавання калектыў працуе плённа, прымае ўдзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах, двойчы стаў пераможцам спаборніцтва сярод сельскіх устаноў культуры раёна і быў занесены на раённую Дошку гонару. У 2006 годзе Квасыніцкі цэнтр рамёстваў – пераможца абласнога туру адкрытага рэспубліканскага конкурсу сярод сельскіх клубных устаноў «Клуб года». А ў 2011 годзе атрымаў Гранд Мінскага абласнога выканаўчага камітэта на рэалізацыю праекта па развіцці традыцый народнай культуры рэгіёна. Майстры цэнтра рамёстваў і іх вучні кожны год становяцца лаўрэатамі, уладальнікамі дыпломаў рэспубліканскіх, абласных выстаў, святаў-конкурсаў. Супрацоўнікі цэнтра рамёстваў неаднаразова адзначаліся граматамі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, падзякамі Мінскага аблвыканкама, граматамі і падзякамі Слуцкага райвыканкама.
За значны ўклад у эстэтычнае і духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення, актыўную дзейнасць па захаванні і папулірызацыі народных промыслаў калектыў Квасыніцкага цэнтра рамёстваў у 2018 годзе адзначаны падзякай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У 2019 годзе майстры цэнтра і іх навучэнцы прынялі ўдзел у IV абласным свяце-конкурсе дзіцячага мастацтва «Калыска талентаў» (г. Клецк), інтэрактыўным абласным конкурсе дзіцячага мастацтва «У краіне творчасці», у Міжнародным фестывалі народнага мастацтва «Александрыя збірае сяброў» (аг. Александрыя), ярмарцы рамёстваў «Горад майстроў» у межах XXVIII Міжнароднага фестываля «Славянскі базар у Віцебску», адкрытым свяце-конкурсе глінянай свістулькі «Соловейка – 2019» (г. Віцебск), адкрытым свяце-конкурсе саламянага павука «Папараць-кветка» (г. Віцебск), абласным свяце-конкурсе ганчарства «Гліняны звон» (г.п. Івенец), фестывалі дзіцячай творчасці «Таленты дабрыні» (г. Слуцк), адкрытай выставе-фестывалі глінянай цацкі на Гранд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (г. Солігорск), абласным свяце рамёстваў «Слуцкія паясы», абласным свяце-конкурсе «Беларуская лялька» (г. Слуцк), абласным фестывалі-ярмарцы для працаўнікоў сяла «Дажынкі – 2019».
У 2019 годзе майстры цэнтра рамёстваў, акрамя вырабу сувенірнай прадукцыі, падрыхтавалі і правялі для дзяцей і падлеткаў 56 культурна-масавых мерапрыемстваў, 44 на платнай аснове. Новай формай працы стала правядзенне тэатралізаваных лялечных віктарын, такіх як «Ці ведаеце вы казкі?», «Эрудыты», «Харавод казак»; віктарыны у рамках прававога выхавання: «Таварыш і дружба», «Культура паводзін»; у рамках раённых мерапрыемстваў па пажарнай бяспецы: «Знатакі пажарнай бяспекі»; конкурс малюнкаў на асфальце «Мая краіна», у рамках мерапрыемстваў да 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выстава з майстар-класам «Радуемся разам» адбылася ў рамках інклюзіўнага сямейнага свята з дзецьмі і дарослымі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ДУ «Слуцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва». Удзельнікі гурткоў цэнтра рамёстваў сталі ініцыятарамі ўдзелу ў акцыі «Крышачка ў абмен на жыццё»: на занятках былі зробленыя адмысловыя скрыні для збору крышачак, якія паставілі ў школе, дзіцячым садку, крамах в. Квасынічы; праводзілі гутаркі з жыхарамі вёскі, заклікаючы іх да ўдзелу ў акцыі.
Выставачная дзейнасць – адзін з прыярытэтных накірункаў работы цэнтра. За 2019 год майстрамі было праведзена 89 выставаў народных мастацкіх рамёстваў, такіх як «Куфэрак навагодніх дзівосаў», «Лялькі – абярогі», «Таленты без межаў», «Крынічка таленту і фантазіі» і іншыя. Шмат выстаў праводзілася ў выставачнай зале і майстэрнях цэнтра рамёстваў, на раённых мерапрыемствах, праходзілі персанальныя выставы майстроў народнай творчасці. Арганізоўваліся выставы і майстар-класы ў дзіцячым аздараўленчым санаторыі «Случ», ДУ «Слуцкі цэнтр турызма», агульна-адукацыйных школах вёсак Белічы і Казловічы. Дзеці і падлеткі са школ г. Слуцка і Слуцкага раёна прыязджалі на экскурсіі з майстар-класамі ў Цэнтр рамёстваў.
Важную ролю ў аб’яднанні майстроў Слуцкага раёна, стварэння ўмоў для іх працы і прапаганды творчасці, выконвае аматарскае аб’яднанне народны клуб народных майстроў «Крылы творчасці», які дзейнічае на базе ЦР.
Калектыў складаецца з 22 майстроў, якія валодаюць рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога майстэрства – гэта вышыўка, бісерапляценне, саломапляценне, ткацтва і іншыя. Майстры клуба ў 2019 годзе асвойвалі новыя віды творчасці, прымаючы ўдзел ў абласных школах майстэрства па дэкупажу (г.п. Пухавічы), беларускай пісанцы (г. Мінск), прынялі ўдзел у абласным майстар-класе па ткацтву пояса на станку (аг. Семежава), вырабе саламянага павука (Салігорскі район). Перадавалі свае веды і навыкі работнікам устаноў культуры раёна ў творчай лабараторыі клуба, праводзілі майстар-класы на абласных і раённых мерапрыемствах. У 2019 годзе адбылася рэгіянальная творчая сустрэча з майстрамі клуба «Спадчына» Салігорскага раёна, які працуе на базе Старобінскага цэнтра рамёстваў. Майстры падзяліліся творчымі сакрэтамі, правялі выставы і майстар-класы.
На працягу 2019 года, года вясельнай абраднасці, майстры цэнтра рамёстваў правялі даследчую працу па збору матэрыялу ў гэтым накірунку і на яго аснове (па расказах, фотаздымках) абнавілі жаночы вясельны строй 1945 і 1949 года, знайшлі аўтэнтычную вясельную сукенку 1956 года. Праводзілі фотавыстаўкі «Вясельная абраднасць Случчыны». Адбыліся майстар-класы па адраджэнню тэхналогіі вырабу вясельных вэлюмаў. Вынікам працы стаў удзел у дэфіле вясельных строяў на абласным свяце рамёстваў «Слуцкія паясы» і фестывалі-ярмарцы для працаўнікоў сяла «Дажынкі – 2019» у г. Барысаў.
Квасыніцкі цэнтр рамёстваў выконвае сваю галоўную задачу: адраджэнне і захаванне традыцыйных промыслаў і рамёстваў Случчыны. А гэта значыць, што яны будуць развівацца, узбагачацца новымі формамі, матывамі, зместам і захоўвацца, як самастойная часцінка нашай беларускай культуры.
Таццяна ДАБРЫНЕЎСКАЯ, вядучы метадыст
KCRЕсли вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.