На Случчыне падчас карніцкіх аперацый фашысцкія захопнікі спалілі тры дзесяткі вёсак. Тады ж загінула і большая частка іх жыхароў. Усяго за гады вайны на тэрыторыі раёна было знішчана 36 вёсак, з якіх 12 так ніколі і не адрадзіліся. За апошнія гады Слуцкім краязнаўчым музеем сабрана вялікая і разнастайная інфармацыя аб лёсе вогненных вёсак і іх жыхароў. Але сёння няма матэрыялу, які б даваў абагульняючую карціну трагедыі сямідзесяцігадовай даўнасці. Гэты артыкул – спроба запоўніць дадзены прабел.
Першыя са спіска
Лік спаленых вёсак на Случчыне пачынаецца з першых дзён вайны. Тады, у чэрвені 1941 года, падчас бою ў раёне Кучына, які далі немцам часткі Чырвонай Арміі пад камандаваннем палкоўніка Тутарынава, згарэлі размешчаныя побач Маскоўска-Варшаўскай шашы вёскі Стары Гуткоў і Каліта.
Крыху больш чым праз год, у канцы кастрычніка 1942 года, жалобны спіс папоўняць Жылін Брод і Фадзееўка. Іх фашысты палілі ўжо мэтанакіравана. Гэта была акцыя помсты і ўстрашэння за напад на нямецкую калону, калі партызаны знішчылі каля 50 салдат і тры аўтамабілі. Жыхароў узгаданых вёсак прыгналі ў Грэск, дзе тры дні дапытвалі наконт сувязі з «бандытамі», але нікога не расстралялі. Калі яны былі адпушчаны, то вяртацца не было куды – Жылін Брод і Фадзееўку карнікі абрабавалі і спалілі.
Трэба адзначыць, што да восені 1942 года Случчына добра зведала «хароствы» новага парадку. Рабавалася насельніцтва, пачаўся вываз молодзі на прымусовую працу ў Германію, расстрэльваліся былыя партыйныя, савецкія работнікі і проста актывісты.
Жахоўнай падзеяй стала знішчэнне ў кастрычніку 1941 года Слуцкага гета. Аднак масавых карніцкіх акцый супраць вясковага насельніцтва не было. Ніхто не мог і падумаць, што праз некалькі месяцаў немцы будуць паліць вёскі разам з іх жыхарамі.
Прычынай змены адносін акупантаў да мясцовага насельніцтва стаў не толькі рост партызанскага руху. Вёскі лясной зоны Случчыны, іх жыхары разглядаліся немцамі як матэрыяльная база для «бандытаў» і рэзерв для папаўнення іх колькасці.
Цынічныя назвы
Для навядзення парадку ў нямецкіх штабах розных узроўняў былі распрацаваны карніцкія акцыі. Дакладней, гэта былі масштабныя аперацыі, бо ўдзел у іх прымалі карнікі, жандармерыя, дапаможная паліцыя, вайсковыя часці з тэхнікай і нават авіяцыяй. Ахоплівалі яны не толькі тэрыторыю Случчыны, але і суседніх раёнаў.
Назвы аперацый, улічваючы іх жахлівыя наступствы, гучаць цынічна. Вось іх пералік:
«Erntefest 1» (Свята уражаю 1) – праводзілася з удзелам 11 батальёнаў у студзені 1943 года; «Erntefest 2» (Свята уражаю 2) – праводзілася з удзелам 13 батальёнаў у студзені-лютым 1943 года; «Februar» (Люты) – праводзілася ў лютым-сакавіку 1943 года з удзелам трох палкоў SS і пяці карніцкіх батальёнаў; «Marathon» (Марафон) – проводзілася ў маі-чэрвені 1944 года, колькасць удзельнікаў невядома (галоўная мэта зачыстка тэрыторыі блізкай да лініі фронта).
Згодна з планамі, вайсковыя часці блакіравалі месцы размяшчэння партызанскіх атрадаў і адразалі іх ад населеных пунктаў. Тым часам карніцкія батальёны сумесна з паліцыяй палілі вёскі і знішчалі іх насельніцтва.
Для карнікаў своеасаблівай рэпетыцыяй напярэдадні вышэйзгаданых аперацый стала знішчэнне 8 лютага 1943 года другога Слуцкага гета, якое размяшчалася ў раёне сучасных вуліц Капыльская і Парыжскай Камуны.
Жудасныя тэхналогіі
Знішчэнне слуцкіх сельскіх населеных пунктаў было дэталёва спланавана. Па ўспамінах выжыўшых сведак можна вызначыць два асноўныя сцэнарыі. Ва ўсіх вёсках жыхароў зганялі ў адно месца (звычайна ў цэнтр). Там ішла іх фільтрацыя. Родзічаў і сваякоў паліцэйскіх адпускалі, дазваляючы ўзяць уласную маёмасць. Маладых і здаровых (іх было нямнога) адбіралі для адпраўкі ў Германію.
Цікавілі карнікаў і здаровыя дзеці, якіх таксама збіралі асобна. Потым яны апынуцца ў канцэнтрацыйных лагерах (у тым ліку і Слуцкім) у якасці донараў. Падчас фільтрацыі паліцыя рабіла ператрусы ў хатах. Усё каштоўнае збіралася на падводы і вывозілася. Кароў зганялі ў статак. З ліку падлеткаў выбіралі пагоншчыкаў, якія пад наглядам паліцэйскіх павінны былі даставіць жывёлу ў Слуцк. Гэтым хлапчукам пашанцавала. Многіе з іх па дарозе збеглі і таму засталіся жыць.
Астатніх, асуджаных на смерць, заганялі ў вялікія гаспадарчыя будынкі і спальвалі жывымі. Тых, хто спрабаваў вырвацца з агню і збегчы, расстрэльвалі і кідалі ў агонь. У другіх вёсках жыхарам прыказвалі вяртацца ў хаты і чакаць. Праз нейкі час карнікі заходзілі ў кожны дом, забівалі людзей і ўжо потым палілі жыллё разам з гаспадарчымі пабудовамі.
Менавіта па такіх сцэнарыях у студзені-сакавіку 1943 года былі знішчаны: Адамова, Апаліны, Баравая, Беразінец, Вербішчына, Вараб’ёва, Гандарэва, Гольчыцы, Задоўба, Захацінава, Крушнік, Краснае, Кошышчы, Пераходы, Перавалока, Пільня, Падстарэва, Палікараўка, Паўлаўка (Амговіцкі сельсавет), Руднаўка, Рудня, Лазараў Бор, Лявішча, Ніва, Навінкі, Старэва, Строхава, Хорашава, Чырвоная Старонка. Дзевяць вёсак з гэтага спісу былі спалены 23 лютага. Менавіта гэтая дата лічыцца на Случчыне Днём памяці аб ахвярах знішчаных вёсак.
Апошнія са спіска
Закранем лёс і другіх спаленых вёсак. Гутніца, па успамінах сведак, згарэла ў красавіку 1943 года пасля таго, як па ёй быў нанесены бомбавы ўдар нямецкім самалётам. Падчас жорскага бою партызан са старобінскімі паліцэйскімі ў пачатку верасня 1943 года амаль поўнасцю выгарэлі Панічы.
Апошняй знішчанай вёскай на Случчыне лічыцца Новы Гуткоў. Побач з ёй базіраваўся нямецкі аэрадром. За некалькі дзён да вызвалення, у червені 1944 года, фашысты спалілі вёску. Праўда яе жыхары загадзя перабраліся ў лес.
Ахвяры і сведкі
Дакладных дадзеных аб загінуўшых на Случчыне падчас пералічаных вышэй карніцкіх аперацый няма. Калі абапірацца на дадзеныя Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, то выходзіць, што фашысты забілі і спалілі каля тысячы чалавек. Але ж ахвяр было больш. Адзначым, што карнікі вярталіся на месцы спаленых вёсак, праводзізі зачыстку лясных лагераў, дзе хаваліся жыхары партызанскай зоны. Там таксама было нямала забітых. Сярод жыхароў спаленых вёсак былі і тыя, каму ўдалося застацца жывымі. У кожнага з іх асобная гісторыя: адныя на момант прыхода карнікаў адсутнічалі дома, другія змаглі прабрацца праз ачапленне ці збегчы, калі суправаджалі нарабаваную фашыстамі маёмасць. Здараліся і цуды, калі людзі былі паранены і змаглі выбрацца з пылаючых хат.
За апошнія гады супрацоўнікі Слуцкага краязнаўчага музея запісалі паўсотні ўспамінаў сведак. Сёння на Случчыне жыве крыху больш 30 чалавек – нашчадкаў вогненных вёсак. Самым маладзейшым з іх ўжо пад 80 гадоў. Час ад часу іх запрашаюць на сустрэчы з вучнямі мясцовых школ. І кожны ўспамін прымушае іх зноў перажываць тыя жахлівыя падзеі.
Васіль ЦІШКЕВІЧ, навуковы супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея
kurjer.info, 2013
Более подробную информацию можно найти в электронной базе данных «Белорусские деревни, сожженные в годы Великой Отечественной войны», подготовленной Департаментом по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь, Национальным архивом Республики Беларусь и Белорусским фондом мира при поддержке Российского фонда содействия актуальным историческим исследованиям «Историческая память».
База Слуцкого района расположена по адресу.
Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.