Зямля бацькоў – майго жыцця крыніца

У суботу, 30 ліпеня, у вёсцы Мусічы прайшло свята вёскі «Зямля бацькоў – майго жыцця крыніца», якое сабрала вялікую колькасць людзей. Не толькі мусічанцаў, але і шматлікіх гасцей з акаляючых вёсак.

Адкрыў свята славуты сямейны калектыў «Дабро», які прадэманстраваў талент як вядучых, так і прафесійных выканаўцаў цудоўных, глыбокіх па змесце песень, якія краналі душу, хвалявалі, стваралі добры настрой.

Затым са словамі віншавання ў адрас гледачоў выступіў старшыня Грэскага сельскага выканаўчага камітэту Русаковіч Леанід Мікалаевіч. У сваёй прамове ён адзначыў Зыль Вольгу Мікалаеўну, жыхарку вёскі Мусічы, за яе грамадскую актыўнасць.

Цёпла сустракалі ўдзячныя землякі самадзейных артыстаў Мусіцкага СК і Грэскага СДК, якія парадавалі прысутных вясёлымі песнямі і цудоўнымі танцавальнымі рытмамі.

 

 

Імправізаваная, з густам аформленая пляцоўка ператварылася ва ўтульны амфітэатр пад адкрытым небам. Яго чароўнасць падтрымліваў і напаўняў цеплынёй вясёлы Лемур, які забаўляўся з дзецьмі і падтрымліваў танцуючых. Тут жа для дзяцей працаваў сапраўдны гарадок з велічнымі горкамі і батутам. Радавалі рады гадлёвых кропак, ад якіх разносіўся незвычайны пах розных ястваў і прысмакаў. Радавалі вока і розныя дробязі, якія можна было набыць на памяць аб свяце.

Дапаўняла святочнае ўбранне выстава работ народных умельцаў «Добрых рук майстэрства» Наталлі Давідоўскай і Ніны Паўлаўны Тоўкач.

Падчас канцэртнай праграмы шанавалі і віншавалі, уручаючы каштоўныя падарункі ад філіяла ПСГ ААТ «Слуцкі Мясакамбінат» (дырэктар Варона С.А.), жыхароў Мусіч, якія вызначыліся сваёй адметнасцю і заслугай: самы малады – Ташлыкова Дар’я; старажыл – Грудзінская Марыя Аляксандраўна (95 год); жанчыны-механізатары – Мяцельская Алена Васільеўна і Качан Яўгенія Аляксееўна; гаспадыня ўзорнага двара – Хлебко Алена Андрэеўна; маці воіна-інтэрнацыяналіста – Тоўкач Ніна Фёдараўна; юбіляры сямейнага жыцця – Місюк Пётр Геннадзьевіч і Алла Пятроўна (25 год), Матыліцкія Леанід Вадзімавіч і Алена Іванаўна (30 год); мнагадзетная сям’я – Грынюк Аляксей Уладзіміравіч і Аксана Уладзіміраўна. У іх гонар гучалі музычныя пажаданні.

Было цёпла і весела, цікава і незвычайна. Людзі весяліліся і радаваліся. Усіх аб’ядноўвала яе вялікасць музыка, узнёсласць, што, нібы крылы, падымалі людзей над паўсядзённымі клопатамі і пераносілі ў іншы свет, поўны дабра і гармоніі, узаемаразумення і радасці. Свята прадоўжылася танцамі.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Праздники деревень – праздники хорошего настроения

© ГУК «Слуцкий районный центр народного творчества», 2022
Марына ДУРЫЦКАЯ, загадчык Мусіцкага сельскага клуба

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.