Народныя рамёствы складваліся і шліфаваліся на працягу стагоддзяў і перадаваліся з пакалення ў пакаленне як неад’емная частка жыцця чалавека. Яны былі і застаюцца паказчыкам нашай нацыянальнай самабытнасці.
Адно з іх – саломапляценне, якое, дарэчы, уключана ў спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Беларускае рамяство саломапляцення не мае аналагаў ва ўсім свеце і па праве лічыцца своеасаблівым нацыянальным кодам. І сёння вырабы народных умельцаў уражваюць.
Усё пра сакрэты саломапляцення ведае майстар Квасыніцкага цэнтра рамёстваў Наталля Гарбацэвіч, якая ўжо не адзін дзясятак гадоў займаецца народнымі рамёствамі і не аднойчы станавілася пераможцай і лаўрэатам розных конкурсаў.
– Асноўная мая дзейнасць – аплікацыя і інкрустацыя саломай, – адзначае Наталля Гарбацэвіч, – таксама займаюся саломапляценнем, вырабам лялек, ткацтвам. Ідэі для сваіх работ я знаходжу ў літаратуры, не толькі спецыялізаванай, але і гістарычнай. Напрыклад, у кнігах пра Слуцк. Цікава паглядзець, як ствараліся, развіваліся ўзоры знакамітых Слуцкіх паясоў. Натхняе на творчасць і сам сонечны колер саломы.
У сваіх работах Наталля выкарыстоўвае як народныя, так і раслінныя ўзоры. Асабліва ганарыцца выкананай з саломы аплікацыяй капліцы Святой Варвары ў Слуцку.
Захоўваць беларускія традыцыі і рамёствы – вельмі важна, без мінулага няма і будучыні, пераканана Наталля Гарбацэвіч.
Сёння ў Беларусі вялікая ўвага надаецца перадачы ведаў, навыкаў і ўменняў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дзецям. Іх умее захапіць творчасцю Алена Лістапад, якая працуе ў цэнтры ўжо больш за 20 гадоў.
– Калі казаць пра дзетак, у кожнай групе ў нас займаюцца па 8 – 10 чалавек, – адзначае Алена. – Яны з задавальненнем спасцігаюць сакрэты работы з саломкай. Асабліва любяць майстраваць павукоў. Нашы дзеці актыўныя, часта самі з’яўляюцца генератарамі ідэй. Неаднаразова, дзякуючы ім, вырабы набывалі зусім новы, эксклюзіўны выгляд.
На пытанне чаму менавіта саломка, майстар адказвае, што гэта вельмі даступны, цёплы, сонечны матэрыял. Дарэчы, усе майстры нарыхтоўваюць матэрыял для работ самі, гадуючы жыта (яго саломка больш мяккая, доўгая) на сваіх прысядзібных участках. Сеюць, даглядаюць, жнуць сярпом, вяжуць снапы, як калісьці гэта рабілі нашы бабулі.
– Саломка сама доўгая, і пасля таго, як мы яе сжалі – дзелім на некалькі каленцаў, – распавядае Алена Лістапад. – Верхняе – больш тонкае – падыходзіць для пляцення. Астатняе мы выкарыстоўваем для аплікацый, пляцення кветак. Асаблівы мой гонар – буслы з саломкі.
Алена таксама займаецца вырабам твораў са скуры.
Не варта забываць народнае рамяство, у ім сіла беларускай зямлі і яе народа. У гэтым упэўнена майстар саломапляцення Таццяна Воранава.
– Па адукацыі я мантажнік па радыёапаратуры, – распавядае Таццяна. – Працавала загадчыцай магазіна, прадаўцом, потым лёс прывёў мяне ў Квасыніцкі цэнтр рамёстваў, дзе я працую ўжо 7 гадоў.
Першапачаткова Таццяна Воранава, як і яе бабуля, мама, займалася вышыўкай гладдзю. Аднак, калі яна прыйшла ў цэнтр, ёй прапанавалі стаць майстрам па саломапляценні.
– Мне давялося шмат і хутка вучыцца, – успамінае Таццяна. – Перачытала мноства кніг, наведвала майстар-класы. Не саромеюся спытаць сакрэты апрацоўкі і пляцення ў іншых майстроў падчас удзелу ў розных конкурсах. Сама таксама дзялюся сваімі напрацоўкамі.
Але і вышыўку майстар не пакінула. Наносіць яе на ўборы сваіх лялек. Таццяна адзначае, што па саломе гэта рабіць няпроста, але ёй, як і кожнаму мастаку, хочацца прыўнесці ў мастацтва нешта сваё. Ёсць у майстра і своеасаблівая традыцыя. Да новага года пляце сімвал года з саломы. У калекцыі ўжо ёсць мышка, свінка, заяц і іншыя.
– Мая першая работа – саламяная лялька, – распавядае Таццяна Воранава. – На той час мне здавалася, што лепш зрабіць проста немагчыма. Я яе пакінула як талісман і як напамін аб тых памылках у працы, якія рабіла спачатку.
Для стварэння ўнікальных нарадаў для сваіх лялек майстар набыла настольны ткацкі станок. Як прыклад, да конкурсу «Беларуская лялька», які пройдзе ў рамках фестывалю «Слуцкія паясы», Таццяна выткала для сваёй лялькі-бабулі палатняную спадніцу.
Майстры Квасыніцкага цэнтра рамёстваў упэўнены: працягваючы нацыянальныя традыцыі мінулага, назапашваецца і перадаецца народная спадчына будучым пакаленням.
Ірына ШАБАШАВА, газета «Слуцкi край»
Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.