Мусічы сабралі сяброў на Купалле!

У вёсцы Мусічы адбылося цудоўнае свята «Ой, у ночку, ды ў Купальскую», якое сабрала вялікую колькасць гасцей.

Вуліцы вёскі былі напоўнены галасамі моладзі падчас шэсця-запрашэння на Купалле. Удзячныя вяскоўцы з радасцю і з захапленнем сустракалі і глядзелі на маладых, прыгожых дзяўчат і хлопцаў. Прыемна было прымать паклоны і бласлаўленні ад старэйшых жыхароў вёскі на поспех і захаванне народных традыцый.

Асноўныя дзеі свята адбыліся на пляцоўцы каля Мусіцкага сельскага клуба. Чароўнае тэатралізаванае прадстаўленне, якое паведала цікавую гісторыю пра купальскае свята, яго атрыбутыку і традыцыі. Разыгралася сапраўдная казка з дзеючымі персанажамі: вядзьмаркай з пачварамі, натоўпам сельскай моладзі з Купалінкай і Купалішам, знахаркамі-траўніцамі.

Дзівосныя карціны змянялі адна другую. Героі пераканаўча выконвалі свае ролі. Захаплялі массавыя сцэны: гулянне сельскай моладзі, росказні суседак пра прыгоды ў купальскую ноч, дэманічныя танцы Ведзьмы і лясных пачвар, якія заявілі, што яны завалодаюць цуда-кветкай і будуць уладарыць, сустрэча моладзі з нечысцю, у ходзе якой перамагае дабро, святло і сапраўднае каханне.

Госці свята актыўна ўключаліся ў дзею: плялі вянкі, спаборнічалі, спрабавалі святочныя пачастункі.

Яскравым упрыгожваннем свята сталі танцы моладзі, асабліва танец дзяўчат, які ўвабраў у сябе ўсю магію купальскага свята і выклікаў у гледачоў сапраўднае захапленне.

Цудоўная кветка людзям адкрылася. Нечысць знікла. Усе пайшлі паліць ачышчальнае купальскае вогнішча. З вялікім імпэтам закружыліся мнагалюдныя карагоды, скокі праз вогнішча, гульбы, варожбы. Усе жадаючыя змаглі загадаць свае патаемныя пажаданні ў «Коле жаданняў».

На працягу свята працавала выстава і продаж купальскіх кветак і вянкоў, праводзіўся майстар-клас па іх пляценні. Радавалі тарговыя кропкі і дзіцячыя атракцыёны.

Завяршылася ўсё святочнай дыскатэкай.

Свята сабрала вялікую колькасць гасцей і сяброў.

Усім вельмі спадабалася свята сваёю грандыёзнасцю, яркасцю, высокім прафесіяналізмам выканаўцаў, якія змаглі перадаць атмасферу свята Купалля, расчуліць гледачоў, выклікаць іх захапленне.

Свята дало магчымасць дакрануцца да традыцый нашых продкаў, нашых каранёў.

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2024
Марына ДУРЫЦКАЯ, загадчык Мусіцкага сельскага клуба

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Весело прошли праздники в населённых пунктах Случчины