Надышлі святкі – зімовыя Калядкі!

А ў Слуцкім раённым цэнтры народнай творчасці святы працягваюцца! З 14 па 21 студзеня тут праходзіць абрадавае прадстаўленне «Надышлі святкі – зімовыя Калядкі!». 15 студзеня Цэнтр наведалі вучні сярэдніх школ №6 і №10. Гасцей сустрэла загадчык аддзела традыцыйнай культуры Святлана Мікалаеўна Гушчэня ў вобразе Шчодры. Яна пазнаёміла дзяцей з нашымі беларускімі каляднымі традыцыямі, расказала пра Лучнікоўскую калядную зорку, з якой жыхары вёскі хадзілі яшчэ з даўніх часоў падчас Каляд. Дарэчы, гэты элемент і сам абрад з нядаўніх часоў набылі статус нематэрыяльнай нацыянальнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Пасля невялікага экскурсу гасцей запрасілі ў беларускую хатку, дзе іх чакала Гаспадыня – вядучы метадыст Зінаіда Васільеўна Казак. Разам са Шчодрай яны расказалі шмат цікавага пра Каляды: калі і як яны святкуюцца праваслаўнымі вернікамі з даўніх часоў, пра саракадзённы пост (што ў народзе – Піліпаўка), пра традыцыйныя стравы – першую Куццю ці бедную, другую Куццю – шчодрую, трэцюю – вадапусную. Пагаварылі і пра забароны, якіх прытрымліваліся ў гэтыя святочныя дні, асабліва 6 студзеня. Гэта – пярэдадзень Каляд, і ён вызначаецца асаблівай урачыстасцю выканання звычаяў. Напрыклад, нельга было сварыцца і працаваць. Разам з дзецьмі Шчодра і Гаспадыня Марыля спявалі калядную песню – шчадроўку «Добры вечар, багаты вечар», гулялі ў народныя гульні «Кашавар» і «Сляпак», адгадвалі загадкі.

Кульмінацыяй абрадавага прадстаўлення стала з’яўленне на парозе хаты калядоўшчыкаў: спачатку ў хату ўвайшоў Зорканоша (Кацярына Аляксандраўна Бугарэвіч – вядучы метадыст), а за ім з грукатам і песняй – Цыганка (Наталля Сяргееўна Кухта – вядучы метадыст) і Павадыр з Казою (Надзея Аляксандраўна Сакута – кіраўнік калектыву і Маргарыта Вітальеўна Пасецкая – кіраўнік калектыву). Павітаўшыся з усімі, яны пачалі «весяліць хату» і спяваць свае калядныя песні. Дзеці танчылі і гулялі з Казою ў «Вароты», даведаліся, што чакае іх ў гэтым годзе, падчас варажбы Цыганкі. Гаспадыня, падзякаваўшы за вяселле і пажаданні калядоўшчыкаў, дала «казе сала, а на кожны ражок – піражок!» і Каляда, яшчэ раз павіншаваўшы ўсіх са святамі, паехала далей!

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  День открытых дверей «Путь к творчеству»

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2025
Наталля КУХТА, вядучы метадыст

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.

Не копируйте текст!