Стагоддзяў ціхае дыханне

У Квасыніцкім цэнтры рамёстваў праходзіць выстава посцілак канца XIX – пачатку XX ст. «Стагоддзяў ціхае дыханне».

Ткацтва – адно з самых старажытных і пашыраных рамёстваў на Беларусі. Выраб посцілак займае асаблівае месца ў народным ткацтве. Посцілка – гэта саматканая коўдра або прасціна, якой накрывалі ці застылілі ложак, а таксама яе вешалі на сцяну для ўпрыгожвання інтэр’еру сялянскай хаты. Апроч гэтага, існавалі дэкаратыўныя і абрадавыя посцілкі, якія выкарыстоўваліся ў вясельных і пахавальных абрадах.

Паўсядзённыя посцілкі ткаліся з ільняной пражы, у той час як святочныя былі паўсуконныя або суконныя. Яны вылучаюцца разнастайнасцю тэхнічных прыёмаў, арнаментамі і каляровай гамай. Кожная майстрыха імкнулася стварыць як мага больш цікавую і разнастайную посцілку, каб паказаць сваё майстэрства.

Калі дзяўчына ішла замуж, ёй трэба было мець у пасаг не адну прыгожую посцілку. Посцілкі былі каштоўнымі падарункамі для сыноў і ўнукаў. Аднак з цягам часу з’явілася магчымасць набыць посцілкі ў магазіне, і фабрычныя рэчы пачалі выціскаць самаробныя з вясковых хат.

Сёння посцілкі становяцца сапраўдным скарбам, які варта паказаць падрастаючаму пакаленню. Выстава пазнаёміць наведвальнікаў з посцілкамі нашых жыхароў і экспанатамі калекцыі Квасыніцкага цэнтра рамёстваў. Напрыклад, Кацярына Мікалаеўна Бойка прынесла посцілкі, тканыя яе маці Марыяй Сідараўнай Бухал, а Алена Аляксандраўна Бруевіч – посцілку сваёй бабулі Валянціны Пятроўны Бруевіч. Сямінчук Мікалай Аляксандравіч, Адзярыха Уладзімір Леанідавіч і Савельева Алла Сцяпанаўна таксама папоўнілі калекцыю посцілкамі сваіх маці. Асаблівую цікавасць уяўляе вязаная посцілка Камоцкай Паліны Пятроўны з незвычайным раслінным узорам.

На выставе прадстаўлена 14 посцілак, у якіх гарманічна спалучаюцца традыцыі і майстэрства, колеры і вобразы, утылітарнасць і непаўторная дэкаратыўнасць. Запрашаем усіх наведаць нашу выставу!

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2025
Наталля МАТУСЕВІЧ, загадчык Квасыніцкага цэнтра рамёстваў

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Мой кукольный мир
Не пытайтесь копировать текст и изображения!