Галерэя Валянціны Лагун

Ткацтва, вышыўка, карункапляценне і іншыя віды традыцыйнага мастацкага тэкстылю ў агульнай карціне народнага мастацва Беларусі займаюць, бадай, самае прыкметнае месца. Уменне ткаць і вышываць раней было абавязковым для кожнай сялянкі.

Галерэя валянціны лагун 15Доўгімі зімовымі вечарамі пры святле лучыны рукадзельніцы стваралі шэдэўры хатняй утульнасці. На ручніках, кашулях, абрусах шывок за шыўком, выкананыя крыж-накрыж, з’яўляліся ўзоры, якія адлюстроўваюць думкі майстрых, іх мары і надзеі. Лагун Валянціна Мікалаеўна родам з Копыльскага раёна, вёскі Смалячы, з дзяцінства з захапленнем назірала за руплівымі рукамі матулі, якія з любоўю пакідалі на ручніках і сурвэтках прыгожыя кветкі. З маленства ўзяла яна іголку і пачала вышываць разам з сёстрамі. Спачатку маці патрабавала ад іх вышываць у дзень пэўную колькасць шыўкоў, але ў хуткім часе дзяўчынку ўжо было не адарваць ад гэтага занятку. Так з дзяцінства гэтае захапленне яна пранесла праз усё жыццё. Зараз Валянціна Мікалаеўна – выдатны майстар вышыўкі, і ўвогуле таленавіты, актыўны, неабыякавы чалавек.

У маладосці яна працавала машыністам на хлебакамбінаце і вышывальшчыцай на фабрыцы «Слуцкія паясы». Пасля пераехала разам з сям’ёй на Поўнач, у горад Запалярны Мурманскай вобласці, дзе пражыла больш за 30 гадоў. У 2010 годзе, калі Валянціна Мікалаеўна выйшла на пенсію, вярнулася ў Беларусь. Зараз майстрыха жыве ў аграгарадку Вясея Слуцкага раёна Мінскай вобласці.

Калі трапляеш у дом Валянціны Мікалаеўны Лагун, здаецца, што ты знаходзішся ў галерэі. На сценах кожнага пакоя – карціны, вышытыя гаспадыняй. Іх яркія, насычаныя фарбы ажыўляюць сённяшні інтэр’ер, ствараюць рукатворную цеплыню і непаўторнасць. Не адабраць у гэтай абаяльнай жанчыны здольнасць стварыць дома ўтульнасць.

Тэматыка вырабаў Валянціны – яркія, сакавітыя букеты, жаночыя вобразы і пейзажы, якія бударажаць наша ўяўленне. Яна захоўвае ўсе свае работы дома і, канешне, дорыць свае карціны сябрам і знаёмым на святы. Шмат каго цешыць і грэе прыгажосць, зробленая рукамі народнай умеліцы.

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2025
Кацярына БУГАРЭВІЧ, вядучы метадыст па народным мастацкім рамёствам, традыцыям, абрадам і фальклору

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Дан старт районной конкурсной шоу-программе «Супердедушка»

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.

Не пытайтесь копировать текст и изображения!