Пачаліся вясеннія канікулы, і дзеці бавяць час хто дзе: хтосьці паехаў у вёску да бабулі, хтосьці ў вольны час – на двары каля дома, хтосьці спіць да абеду. А навучэнцы сярэдняй школы № 10, якія зараз адпачываюць ў школьным аздараўленчым лагеры, наведалі Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці 25 сакавіка. Вядучыя метадысты Цэнтра – Наталля Сяргееўна Кухта і Зінаіда Васільеўна Казак – падрыхтавалі для школьнікаў цікавую фальклорна-гульнёвую праграму «Саракі» ў этнаграфічным клубе «Беларуская хатка». Яны пазнаёмілі дзяцей з асаблівасцямі і народнымі звычаямі беларускага народнага свята Саракі, якое святкуецца ўжо здаўна нашымі продкамі 22 сакавіка. Менавіта ў гэты дзень пачынаюць прылятаць з выраю птушкі – «сорак выраяў». Гаспадыні разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ўспаміналі і называлі ўсіх пералётных птушак: жаўранкаў, зімародкаў, буслоў, ястрабаў, зязюль, гусей, ластавак, гракоў і іншых; школьнікі даведаліся пра народныя прыкметы ў гэты дзень, як нашы продкі назіралі за надвор’ем, што такое «абрад замыкання зімы і адмыканне вясны», навошта гаспадыні выпякалі на Саракі сорак жаўранкаў з дражджавога цеста, як дзяўчаты па ім варажылі. Гулялі ў цікавыя рухомыя гульні: «Гнёзды», «Вывесці птушаня», «Перакінь трэсачку», «Проса», скакалі праз стужку, рвалі 40 вяровачак, «лавілі рыбу», даведаліся падчас гульні, хто будзе самым шчаслівым, каму ў гэтым годзе больш за ўсіх будзе шанцаваць. Дзецям было цікава даведацца, як раней на Саракі можна было набрацца сілы ад зямлі – дзецям упершыню ў гэты дзень дазвалялася выйсці з дому без абутку. З насаджанымі на палкі спечанымі птушкамі беглі на ўзгоркі, каб заклікаць вясну, а пасля з’ядалі іх, што прыносіла кожнаму здароўе і дабрабыт.
Пажадаўшы добрага здароўя і дабрабыту сваім маленькім гасцям, гаспадыні беларускай хаты Ганна і Марыля развіталіся.
© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2025
Наталля КУХТА, вядучы метадыст
Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.