Светлы дзень – Вялікдзень

Хрыстос уваскрос! Менавіта такімі словамі гасцей сустракалі Ганна і Марылька ў сваёй беларускай хатцы падчас абрадавага прадстаўлення, якое адбылося 23 красавіка ў Слуцкім раённым цэнтры народнай творчасці. Вучні 4-ых класаў Лучнікоўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы змаглі акунуцца ў атмасферу даўніны і даведацца, як раней нашы продкі адзначалі свята Вялікдзень і чаму яно так называецца. Асаблівую зацікаўленасць у дзяцей выклікала з’яўленне на парозе хаты валачобнікаў з валачобнай песняй «Ой, ці ў дому-дому, пане гаспадару», якія павіншавалі ўсіх прысутных са святам. Падзякаваўшы валачобнікам, гаспадыня і яе дачка Марылька пачаставалі жанчын велікоднымі яйкамі. А тыя ў сваю чаргу прапанавалі дзеткам пагуляць у цікавыя велікодныя гульні, асноўным элементам якіх сталі велікодныя яйкі. Пераможца гульні атрымліваў сапраўднае фарбаванае яйка. Пагуляўшы з гасцямі, жанчыны-валачобніцы пажадалі ўсім «добрага здароўя, багацця, дастатку ў хаце, прыплоду жывёлы і пайшлі да другіх хат». А Марылька і гаспадыня працягвалі гуляць з дзеткамі ў гульні. Гулялі ў «Мацака», у «Доўгажыхара» і іншыя. Напрыканцы мерапрыемства жанчыны пажадалі ўсім здароўя і поспехаў у вучобе і развіталіся.

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2025
Наталля КУХТА, вядучы метадыст

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Год свадебной обрядности в учреждениях культуры Случчины