Слуцкая літаратурная даўніна: гісторыя таленту праз стагоддзі

Слуцкая літаратурная даўніна – так называецца чарговая кніга жыхара Слуцка Анатоля Жука, якую сёлета ў пачатку красавіка выпусціла ў свет мінскае выдавецтва «Колорград».

255 старонак тэксту і 12 старонак фотаілюстрацый кнігі прысвечаны слуцкім літаратарам XV–XIX стагоддзяў (нараджэннем не пазней за 1900 год). У полі зроку аўтара аказаліся не толькі ўраджэнцы Случчыны, але і тыя пісьменнікі, чые жыццёвыя пуцявіны пралягалі па тутэйшых мясцінах, і хто ў сваёй творчасці не абыходзіў увагай Случчыну і случакоў.

У большасці пісьменнікаў паходжаннем са Случчыны так склаўся лёс, што ім давялося жыць і займацца творчасцю за межамі Беларусі: у Злучаных Штатах Амерыкі, Ізраілі, Польшчы, Расіі. Іх імёны не згубіліся ні на еўрапейскіх, ні на азіяцкіх, ні на амерыканскіх літаратурных прасторах, хоць на радзіме многія заставаліся малавядомымі, а пра некаторых тут і наогул не ўспаміналі. Ці пра многае скажуць жыхарам Случчыны, напрыклад, імёны ўраджэнцаў Слуцка Яакава Кахана і Іцхака Доў Бярковіча? А гэта ж – лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Ізраіля ў галіне літаратуры (Кахан – двойчы). Раманы і аповесці Адама Плуга з Замосця ў многім «падрыхтавалі глебу для прозы польскага крытычнага рэалізму другой паловы ХІХ стагоддзя». У Варшаве ён быў галоўным рэдактарам «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі». Ураджэнца Слуцка Аўрома Эпштэйна, які жыў у ЗША, сучаснікі адносілі да тых, «кто формировал облик современной еврейской литературы», і называлі «садоўнікам» іўрытамоўнай Амерыкі. Ва ўніверсітэце амерыканскага штата Тэхас (горад Осцін) функцыянуе бібліятэка журналіста і пісьменніка са Слуцка Эліяса Табенкіна. Ён меў перапіску з амерыканскімі пісьменннікамі Тэадорам Драйзерам і Сінклерам Льюісам – першым у ЗША лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры (у 1930 годзе).

Слуцкая літаратурная даўніна 1Сярод персаналій кнігі «Слуцкая літаратурная даўніна» большасць тых, хто на Случчыне жыў (вучыўся ці працаваў) часова. І тут сустракаем нямала цікавых імён. Напрыклад, пісьменнік-палеміст і рэлігійны дзеяч Андрэй Мужылоўскі, які быў «протопопом княжества Слуцкого и Копыльского», лічыўся кандыдатам на пасаду мітрапаліта Кіеўскага. Храніст, паэт, філосаф, дзеяч беларускага Адраджэння Мацей Стрыйкоўскі ў Слуцку пры двары князя Юрыя ІІ Юр’евіча Алелькавіча пісаў свой самы значны твор – «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсёй Русі». Ён прызнаваўся, што пры гэтым пераўзышоў у стараннасці рабоў, якія працавалі ў егіпецкіх каменяломнях. У Слуцку рускі публіцыст і царкоўны дзеяч Арцемій напісаў дзевяць з чатырнаццаці пасланняў, накіраваных супраць рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  В центре внимания обслуживание отдалённых деревень

Анатоль Жук знаёміць чытача з цікавымі фактамі пра Слуцк у мемуарах Фёдара Еўлашоўскага, Яна Цадроўскага, Самуіла Маскевіча, Трыфана Карабейнікава, князёў Багуслава Радзівіла і Міхала Казіміра Радзівіла, Фадзея Булгарына, барона Карла Сталя, Эдварда Вайніловіча. Тут жа даведваемся пра дачыненні да Слуцка іераманаха Дзімітрыя, які з часам стаў вядомым пісьменнікам і мітрапалітам Растоўскім Рускай Праваслаўнай Царквы, аднаго з пачынальнікаў сербскай драматургіі Мануіла Казачынскага, вялікалітоўскага паэта-лацініста, фалькларыста Саламона Рысінскага, пісьменніка, выдаўца, энцыклапедыста Ільі Капіевіча, вайскоўца і пісьменніка Станіслава Караля Рэйтана.

Слуцкая літаратурная даўніна 3Узгадаем, што пра слуцкіх князёў Алелькавічаў пісалі Саламон Рысінскі, Даніэл Набароўскі, Крыштаф Зяновіч, Станіслаў Кулакоўскі, Юзаф Крашэўскі, Уладзіслаў Сыракомля, Жазэфіна Асіпоўская, Тэадор Корвін-Шыманоўскі. А каму вядомыя імёны Іанікія Галятоўскага, Табіяша Граткоўскага, Дамініка Рудніцкага, Анастаза Людвіка Керсніцкага, якія некаторы час жылі і працавалі ў Слуцку? А між тым Керсніцкі, які быў выкладчыкам, а потым рэктарам Слуцкага езуіцкага калегіума, менавіта ў нашым горадзе напісаў найбольш значны літаратурны твор – «Ключ да скарбаў сардэчных», які ў 1723 годзе выпусціла ў свет мясцовая друкарня (другое выданне выйшла ў Варшаве ў 1725 годзе).

Пра гэта і многае іншае можна даведацца з кнігі «Слуцкая літаратурная даўніна», якая мае падзагаловак «Імёны, кнігі, творы». Пра яе інфармацыйную насычанасць можна меркаваць па тым, што ў ёй – прыкладна сотня персаналій літаратараў, якія ў той ці іншай меры мелі дачыненне да Случчыны. «У той жа час не прэтэндую на тое, што ўспомніў усіх тагачасных слуцкіх літаратараў, – напісаў аўтар у прадмове. – І будзем мець на ўвазе, што ў будучым нас яшчэ могуць чакаць цікавыя адкрыцці і знаёмства з невядомымі ці малавядомымі сёння пісьменнікамі, слуцкімі старонкамі іх жыцця і творчасці». Анатоль Жук спадзяецца, што «магчыма, хтосьці зацікавіцца гэтай тэмай, прадоўжыць пошукі, парадуе зацікаўленых чытачоў новай, раней не вядомай (дакладней – не выяўленай) інфармацыяй пра дзеячаў слуцкай літаратурнай мінуўшчыны».

Слуцкая літаратурная даўніна 4Для зацікаўленых чытачоў аўтар падае спіс з 87 назваў выкарыстаных крыніц не толькі на беларускай, але і на рускай, польскай, англійскай мовах. Гэта сучасныя электронныя рэсурсы і друкаваныя выданні, кнігі, выдадзеныя ў мінулых стагоддзях. Напрыклад, дзве самыя старадаўнія з іх пабачылі свет у 1772 і 1781 гадах.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Детсадовцы познакомились с традициями празднования Щедреца

Анатоль Жук прызнае, што пра некага з літаратараў, якія мелі адносіны да Случчыны, «удалося знайсці больш звестак, пра кагосьці – не вельмі шмат, таму расказ пра іх атрымаўся кароткім». Нягледзячы на гэта, кнігу «Слуцкая літаратурная даўніна» з карысцю могуць выкарыстаць настаўнікі літаратуры, гісторыі, вучні і студэнты, работнікі ўстаноў культуры. Яна можа быць цікавай для ўсіх аматараў мінуўшчыны слуцкага краю.

Кніга Анатоля Жука «Слуцкая літаратурная даўніна» паступіла ў продаж у мінскі магазін «Акадэмкніга» (праспект Незалежнасці, 72), дзе яе можна набыць у тым ліку праз інтэрнэт-магазін. Даведкі пра яе наяўнасць на паліцах кнігарні вам дадуць па тэлефонах: +375 (17) 379–46–52; +375 (17) 379–50–43.

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2025
Уладзімір ХВОРАЎ

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.