Из истории краеведения

Не так давно мне попалась в сети Интернет статья М. Касперовича «Из истории краеведения». Она была опубликована в ежемесячнике «Наш край» Центрального бюро краеведения при Институте белорусской культуры № 2 (29) за февраль 1928 года. С полным текстом издания можно ознакомиться по ссылке. Думаю, что информация будет интересна широкому кругу читателей.

None

З гісторыi краязнаўства

I. На шляхох да беларускага краязнаўства

Ва ўсе часы і ва ўсіх народаў моладзь давала найбольшыя кадры краязнаўцаў. Тамака, дзе даўно існавалі свае вышэйшыя школы, гэтыя маладыя краязнаўцы былі найбольш падрыхтаваны. Зусім зразумела таму, што краязнаўчы рух у старонках з старымі вышэйшымі школамі найбольш моцны і гэтыя староны найбольш вывучаны і дасьледваны.

У нас на Беларусі моладзь таксама мае вялікія заслугі ў краязнаўчай справе. Але да рэволюцыі наша культурнае разьвіцьцё было пад забаронай вышэйшых школ на Беларусі ад часу зачыненьня Віленскага польскага унівэрсытэту да часу адчыненьня рускага Віцебскага аддзяленьня Маскоўскага архэолёгічнага інстытуту ў восень 1911 году – ня было. Наша моладзь павінна была выяжджаць за навукай за межы або ва унівэрсытэцкія расійскія гарады. Дзякуючы гэтаму і першыя краязнаўчыя організацыі студэнцкай моладзі для вывучэньня Беларусі і яе частак былі заснаваны далёка па-за межамі Беларусі, а ўласна ў б. С.-Пецярбурзе. Такімі організацыямі зьяўляліся два гурткі: Студэнцкі гурток для навуковага вывучэньня Горадзенскай губ. пры імпэратарскім С.-Пецярбурскім унівэрсытэце і Беларускі навукова-літаратурны гурток – студэнтаў С.-Пецярбурскага унівэрсытэту.

Студэнцкі гурток для навуковага вывучэньня Горадзенскай губ. заснаваўся ў 1907 годзе і статут яго быў зацьверджаны саветам С.-Пецярбурскага унівэрсытэту 19 лістапада 1907 году. Згодна гэтаму статуту гурток меў мэтаю «даць магчымасьць шляхам сумесных заняткаў вывучыць тыя асаблівасьці Горадзенскай губ., якія да гэтага часу зьяўляюцца найменш дасьледванымі, а прыватна прадметам працы гуртка» павінны былі служыць:

а) «вывучэньне этнографічных межаў і племяннога складу насяля – ючых Горадзенскую губ. народнасьцяй у сувязі з іх бытам, моваю і звычаямі;
б) дасьледваньне геолёгічнага складу глебы ў сувязі з паленто – лёгічнымі адшуканьнямі;
в) вывучэньне гісторыі краю па нявыданых архіўных крыніцах і архэолёгічных адшуканьнях;
г) асаблівасьці флёры і фаўны Горадзенскай губ. (Белавеская пушча);
д) экономічныя і статыстычныя досьледы».

Такім чынам, прасьцей кажучы, студэнцкі гурток для навуковага вывучэньня Горадзенскай губ. ставіў сабе заданьнем усебаковае вывучэньне Горадзенскай губ.

Для дасягненьня сваёй мэты гурток меў права:

а) «наладжваць сходы ў будынку унівэрсытэту для сумеснага чытаньня і вывучэньня прац, датычных, адпаведна мэтам гуртка, бакоў жыцьця Горадзенскай губ., для слуханьня прадстаўленых рэфэратаў або для гутаркі аб прапанаваных на абмеркаваньне пытаньняў, датычных ідэй гуртка;
б) наладжваць распарадчыя паседжаньні для абмеркаваньня і вырашэньня пытаньняў кіраваньня гуртка;
в) зьбіраць членскія складкі і афяры;
г) укладаць бібліотэчку з кніг, маючых адносіны да задач гуртка;
д) запрашаць профэсароў, прыват-доцэнтаў, ляборантаў і іншых асоб вучэбнага пэрсоналу унівэрсытэту для чытаньня гуртку паведамленьняў і рэфэратаў;
е) падзяліцца для выгады заняткаў на некалькі груп (сэкцый);
ж) організоўваць экскурсіі і наладжваць экспэдыцыі;
з) друкаваць працы і зборнікі, якія зьяўляюцца вынікам дзейнасьці гуртка;
и) мець свой штэмпель».

Амаль усе магчымыя віды працы гуртка краязнаўства наогул пералічаны ў статуце Студэнцкага гуртка для навуковага вывучэньня Горадзенскай губ. Асабовы склад гуртка меў выключна вучняў унівэрсытэту, згодна параграфу трэцяму статуту, які гаварыў:

«Членамі гуртка могуць быць студэнты, вольнаслухачы і вольнаслухачкі Пецярбурскага унівэрсытэту, а таксама асобы, устаноўле – ным парадкам дапушчаныя да ўдзелу ва унівэрсытэцкіх занятках».

Для паступленьня ў члены гуртка патрабавалася рэкомэндацыя двох членаў апошняга і абраньне абсолютнай большасьцю прысутных членаў. Аб кіраваньні дзейнасьцю гуртка гавораць аж сем параграфаў яго статуту. Пры гэтым самакіраваньне гуртка значна абмежавана.

«Кіраўніцтва гуртком у пачатку кожнага навучальнага году ўскладаецца фізычна-матэматычным факультэтам па хадайніцтву гуртка на аднаго з выкладчыкаў азначанага факультэту, які выявіў жаданьне прыняць на сябе гэтыя абавязкі».

Для непасрэднага кіраваньня справамі гуртка згодна статуту ў пачатку кожнага навучальнага году павінна было абірацца бюро з трох членаў студэнтаў, прычым адзін у адсутнасьці кіраўніка старшыняваў на распарадчых паседжаньнях, а двое іншых разьмяркоўвалі паміж сабою абавязкі сакратара і казначэя; апошні зьяўляўся разам і бібліотэкарам. Усе пытаньні, датычныя заняткаў гуртка, абраньня тэм для чытаньня і гутарак і парадку слуханьня прадстаўленых рэфэратаў, павінны былі вырашацца па згодзе між сабою бюро і кіраўніка гуртка. Сходы гуртка павінны былі склікацца кіраўніком з дазволу рэктара унівэрсытэту для заняткаў адпаведна мэтам гуртка, выбараў і абмеркаваньня спраў гуртка. Старшыняваць на сходах мог кіраўнік гуртка або, у выпадку адсутнасьці яго, адзін з выкладчыкаў фізычна-матэматычнага факультэту па вызначэньні кіраўніка. Калі кіраўнік адсутнічаў на распарадчых сходах, старшыняваць мог адзін з абраных для гэтага членаў бюро. На сходы гуртка маглі прыходзіць госьці, але з дазволу рэктара унівэрсытэту. Асобы вучэбнага пэрсоналу унівэрсытэту маглі прымаць удзел у сходах і спрэчках па пытаньнях, якія сходам абгаварваліся. Такім чынам, згодна статуту, гуртком кіраваў вызначаны факультэтам кіраўнік, ды і яго кожны крок патрабаваў дазволу рэктара. Зьмяніць-жа статут было ў той час немагчыма. Папершае, гэтага не дазволіў-бы той самы рэктар, а падругое, каб узьняць пытаньне аб зьменах у статуце патрабавалася прысутнасьць на сходзе ня менш 2/3 пражываючых у б. Пецярбургу членаў і большасьць 3/4 галасоў, і гэтыя дзьве ўмовы наўрад ці магчыма было выканаць. Усе іншыя пытаньні вырашаліся простай большасьцю галасоў, прычым пры роўным ліку галасоў за і супроць перавагу даваў голас старшыні.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Инфографика БЕЛТА: Всебелорусское народное собрание

Сродкі гуртка складаліся з членскіх складак, добравольных афяр, прыбыткаў ад выданьняў і інш. Памер членскіх складак павінен быў вызначацца штогодна сходам гуртка. Пасьля ліквідаваньня гуртка маемасьць яго пераходзіла ва ўласнасьць унівэрсытэту. Штогадовая справаздача аб дзейнасьці гуртка павінна была друкавацца ў гадавой справаздачы унівэрсытэту.

Ужо пададзеныя тутака асаблівасьці статуту Студэнцкага гуртка для навуковага вывучэньня Горадзенскай губ. сьведчаць аб тым, што дзейнасьць яго не магла разгарнуцца асабліва шырака. Яна і ня выявілася ў больш-менш значнай меры. Гурток быццам выдаў адно невялічкае выданьне. Працаваў на рускай мове і асаблівымі сымпатыямі да беларускага культурна-нацыянальнага і соцыяльнага адраджэньня, згодна цяперашняму сьведчаньню некаторых сучасьнікаў яго, не вызначаўся. Гэта быццам быў гурток, для якога зусім усё роўна было што вывучаць – ці Горадзенскую, ці Семіпалацінскую губ. Але паміж тым у № 52 «Нашай Нівы» за 1910 год зьмешчана наступнае павіншаваньне:

«Праўленьне «Кружка научнаго изученія Гродненской губ. при С.-Петербургском Университете» віншуе шаноўную Рэдакцыю беларускай газэты «Наша Ніва» з чатырохлетняй гадаўшчынай. За прэдседацеля Н. Романскі».

Факт прысылкі гэтага павіншаваньня, бясспрэчна, ня выкліканы ніякімі прымусамі, сьведчыць аб некаторых уплывах беларускага культурна-нацыянальнага адраджэньня на гурток з аднаго боку і, прынамсі, некаторай лояльнасьці гуртка да беларускага руху – з другога.

Другі гурток, а ўласна Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбурскага унівэрсытэту, быў больш радыкальным і выявіў сябе ў значна большай меры. Ён заснаваўся ў 1912 годзе. Першы проект статуту гуртка быў укладзены ў духу тагочаснага разуменьня акадэмічнай аўтономіі студэнцтва і таму ня быў зацьверджаны. Статут ініцыятарамі заснаваньня гуртка быў перапрацаваны і ў новым відзе зацьверджаны саветам профэсароў 30 студзеня 1912 году. Галоўным ініцыятарам справы заснаваньня гуртка быў вядомы Яўгені Хлябцэвіч, а заснаваўцамі наступныя студэнты: той-жа Хлябцэвіч, Пушкарэвіч, Тарашкевіч, Адамовіч, Касьпяровіч, Курылёнак, Сушынскі, Дзядовіч, Лось, Душэўскі, Кавалевіч, Бычкоўскі, Цыбульскі, Давідовіч, Аляксюк і Вярбіцкі. Кіраўніком гуртка, згодна адпаведнаму параграфу статуту, быў абраны прыват-доцэнт А.А. Розэнфэльд. Пры такім асабовым складзе гурток і распачаў сваю дзейнасьць.

Статут Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў С.-Пецярбурскага унівэрсытэту мала чым розьніўся ад статуту Студэнцкага гуртка для навуковага вывучэньня Горадзенскай губ. пры С.-Пецярбурскім унівэрсытэце. Мэтаю гэтага гуртка зьяўлялася «навуковае азнаямленьне з духоўным (мова, літаратура, народная творчасьць) і грамадзкім (этнографія, статыстыка, народная гаспадарка) жыцьцём беларускага народу». Гурток меў права абіраць ганаровых членаў з асоб, якія маюць перад гуртком пэўныя заслугі. Сходы гуртка маглі склікацца па згодзе з кіраўніком пасьля папярэдняга паведамленьня аб гэтым рэктара унівэрсытэту. На сходах прысутнасьць кіраўніка была абавязковай. Старшыняваць мог толькі кіраўнік гуртка. Усе пытаньні разьвязваліся простай большасьцю галасоў. На сходы маглі прыходзіць госьці – з студэнтаў па дазволу бюро, а з іншых асоб па дазволу рэктара. Гадавая справаздача гуртка павінна была прадстаўляцца агульнаму сходу. Маемасьць гуртка пасьля яго ліквідацыі павінна была перайці пад часовы загад унівэрсытэту да часу заснаваньня аналёгічнага данаму беларускага гуртка. Рэшта пунктаў статуту гэтага гуртка такая самая, як і ў статуце раней абмеркаванага. Такім чынам, як-бы ў адказ на дамаганьні заснаваўцаў пашырыць самакіраваньне гуртка яно было значна звужана абавязковай прысутнесьцю кіраўніка на сходах гуртка і інш. Але маладая актыўнасьць членаў гуртка перамагала і гэта.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Веселая спортландия

Пісьменьнікі – Купала, Колас і Галубок шчыра віталі заснаваньне гуртка. Эпімах-Шыпіла часта дапамагаў яму ў працы. Шэраг вучоных, што вывучалі Беларусь з таго ці іншага боку, як Карскі, Шахматаў і інш., таксама віталі заснаваньне гуртка. Пры гэтым яны выказвалі свае погляды як на навуковую, так і на практычную галіну дзейнасьці новага гуртка. Гэтыя погляды цікавы сваім замаўчаньнем некаторых запраўдных задач гуртка і навязваньнем сваіх. Раманаў заклікаў да практычнай працы на Беларусі.

Гурток заслухаў шмат дакладаў сваіх членаў і навуковых спэцыялістых, а таксама выдаў дзьве гадавых справаздачы.

З вышэйпаказаных фактаў прывітаньняў відаць, што ўплыў на гурток стараліся рабіць і нашаніўцы, прыхільнікі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня, і правыя расійскія колы, ворагі гэтага адраджэньня. Не зафіксаваны моцны ўплыў на гурток тагочасных левых расійскіх колаў, пераважна соцыялістых-рэволюцыянэраў, таксама ворагаў беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня. Гэтыя ўплывы ў значнай меры адбіліся як на асабовым складзе гуртка, так і на выпрацаванай ім програме працы і на самай дзейнасьці яго. Па мове гурток быў рускім, хоць пры жаданьні мог выявіць сваю дзейнасьць на беларускай мове. Частка членаў гуртка, жадаючы змагацца за соцыяльнае вызваленьне беларускага народу, была супроць нацыянальнага вызваленьня яго, але баялася страціць левымі фразамі здабытае месца ў рэволюцыйна-нацыянальным руху і маўчала. Другая частка членаў гуртка змагалася за соцыяльнае і нацыянальнае вызваленьне беларускага народу і параліжавала праванацыянальныя русыфікацыйныя імкненьні першай. Адбывалася змаганьне беларусаў за месца ў краязнаўчай організацыі, каб вывучаць саміх сябе. Але ва ўмовах царызму дабіцца гэтага было немагчыма і гурток застаўся рускай організацыяй пераходнага тыпу да беларускай.

Такога самага пераходнага тыпу організацыяй была і трэцяя, узьнікшая ўжо на тэрыторыі самой Беларусі. Рана ці позна пры рускай вышэйшай школе на Беларусі – Віцебскім аддзяляньні Маскоўскага Архэолёгічнага Інстытуту – павінна была вырасьці студэнцкая краязнаўчая організацыя. Яна заснавалася 9 студзеня 1921 году. Гэта быў студэнцкі этнографічны гурток. Хутка організацыйныя формы гуртка перасталі задаваляць яго членаў і ён праз год, 9 лютага 1922 году, быў рэорганізаваны ў этнографічную камісію пры этнографічным габінэце Віцебскага аддзяленьня Маскоўскага Архэолёгічнага Інстытуту. Камісія мела мэтай: а) вывучэньне этнографіі, пераважна беларускай; б) зьбіраньне колекцый матар’яльнай і духоўнай культуры; в) разьвіцьцё этнографічнай працы ў краі шляхам заснанавьня новых аналёгічных організацый. 14 лютага 1922 году Радаю аддзяленьня інстытуту было зацьверджана палажэньне аб камісіі. Члены камісіі зрабілі шмат дакладаў на сходах яе і сабралі шмат этнографічных экспонатаў. Быў выданы часопіс «Белорусский этнограф» на рускай мове, на якой вялася і іншая праца; Камісія зачынілася ў 1922 годзе.

II. Першыя беларускія краязнаўчыя організацыі.

Аб заснаваньні і працы першых беларускіх організацый захавалася вельмі мала вестак. Неорганізаваная краязнаўчая праца концэнтравалася ў свой час навокал «Нашай Нівы». У ёй часамі зьмяшчаліся анкеты для дасьледваньня пэўнай зьявы, а часьцей друкаваліся краязнаўчыя працы, калі-ні-калі працаўнікі, якія гуртаваліся каля рэдакцыі, запрашалі да сябе «на сьвята ў госьці» працаўнікоў з розных месц Беларусі і такім чынам адбываліся сваеасаблівыя нелегальныя зьезды. Але ўсё гэта мела на мэце ў першую чаргу працу па культурна-нацыянальным адраджэньні. Да таго ўсё гэта не магло быць аформлена організацыйна.

Першыя, вядомыя нам, беларускія краязнаўчыя організацыі заснаваліся ня ў Вільні і Менску, а на провінцыі і пасьля Кастрычнікавай рэволюцыі. Імі былі: Смалярскі гурток краязнаўства б. Ігуменскага павету (1918) і Слуцкая павятовая камісія беларусазнаўства (1922). За імі ішлі гурток вывучэньня Гомельшчыны (1923) і Віцебскае таварыства краязнаўства (1923). У 1924 годзе ўжо адбывалася масавае заснаваньне беларускіх краязнаўчых організацый.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Об осуществлении ремесленной деятельности

Смалярскі гурток краязнаўства організацыйна аформіўся ў 1918 годзе і зачыніўся ў 1921 годзе. Ён меў мэтаю распрацоўку пытаньняў радзімазнаўства, вывучэньне б. Ігуменскага павету і пропаганду ідэй радзімазнаўства сярод насельнасьці павету. Складаўся ён пераважна з моладзі ад 17 да 22 год, якая змушана была адначасна здабываць неабходныя мэтодолёгічныя веды і ўмецтвы і выконваць дасьледчую працу. Сродкаў гурток, зразумела, ня меў ніякіх. Была невялічкая бібліотэчка па пытаньнях радзімазнаўства. Праца гуртка была даволі рознастайная, была ўкладзена праца «радзімазнаўства і яго задачы», а таксама «Ігуменшчына» – усебаковае апісаньне павету. Членамі гуртка быў запісаны багаты фольклёрны матар’ял і зроблена шмат фотографій. Адбылося шмат далёкіх экскурсій пехатою. Популярызавалася пытаньне на розных зьездах. Уся гэтая праца ў нязначнай меры адбілася ў беларускім кругабегавым друку. Усю сваю працу гурток вёў на беларускай мове. Шмат хто з членаў гуртка добра выявіў сябе пазьней на культурнай і савецкай адміністрацыйнай працы.

Слуцкая павятовая камісія беларусазнаўства заснавалася ў восень 1922 году і рэорганізавалася ў Слуцкае павятовае таварыства радзімазнаўства ў восень 1923 году, а апошняе ў сваю чаргу ў 1925 годзе ператварылася ў Слуцкае акруговае таварыства краязнаўства, якое ў 1927 годзе стала Слуцкім раённым таварыствам краязнаўства. Слуцкая павятовая камісія беларусазнаўства мела мэтаю апанаваньне тымі ведамі пра Беларусь, якія былі назапашаны да часу заснаваньня камісіі; распрацоўку мэтодычных пытаньняў выкладаньня комплексу ведаў аб Беларусі, г. зн. беларусазнаўства, у школах і вывучэньне і дасьледваньне Беларусі, асабліва б. Слуцкага павету. Яна складалася пераважна з асьветнікаў. За час свайго існаваньня камісія прарабіла вялізарную для таго часу працу, якая выклікала водгук на старонках «Полымя», «Савецкай Беларусі» і інш.

Зьмест шмат якіх дакладаў на сходах камісіі друкаваўся ў «Савецкай Беларусі». Гэтаму спрыяла тое, што праца камісіі мела сваім прадметам пераважна сучаснасьць і заданьні сучаснасьці. Камісар народнай асьветы Ус. Мак. Ігнатоўскі ў часе свайго побыту ў Слуцку ўхваліў працу камісіі і даручыў павятоваму аддзелу народнае асьветы, пры якім яна існавала, дапамагаць далейшаму пашырэньню працы камісіі. Калі асноўныя заданьні камісіяй былі дасягнуты і першачарговай задачай стала ўсебаковае вывучэньне павету, яна і рэорганізавалася ў павятовае таварыства радзімазнаўства.

Гурток вывучэньня Гомельшчыны заснаваўся ў Менску ў 1923 годзе і зачыніўся ў 1925 годзе. Ён складаўся з студэнтаў і меў мэтай усебаковае вывучэньне Гомельшчыны. Зімой члены гуртка працавалі пераважна над мэтодычнай падрыхтоўкай саміх сябе, а летам вялі непасрэднае вывучэньне свайго краю ў Гомельшчыне. Дзейнасьць гуртка адбывалася ў вельмі цяжкіх умовах, але ўсё ж ён дасягнуў пэўных вынікаў у зьбіральніцкай працы і меў вялікае выхаваўчае значэньне.

Організаваньне Віцебскага губэрскага, а пасьля акруговага таварыства краязнаўства пачалося ў канцы 1923 году, але самы разгар працы адбываўся ў першай палове 1924 году. Таварыства будавалася па мяшаным прынцыпе заснаваньня бюро і таварыства, быў выпрацаваны статут і падрабязныя пляны працы па сэкцыях. Але таварыства ня было зарэгістравана ні губэрскім ні павятова-гарадзкім прэзыдыумам Выканаўчага камітэту. Толькі ў восень 1924 году адчынілася ў Віцебску акруговае таварыства краязнаўства, якое з посьпехам працуе і зараз.

Усе гэтыя організацыі вялі сваю працу на беларускай мове (а заснаваўцы Віцебскага таварыства краязнаўства імкнуліся да гэтага) і працавалі на карысьць шырокіх мас працоўных Беларусі, дапамагаючы ўтварэньню беларускай культуры пролетарскай па зьместу і нацыянальнай па форме. Таму яны з поўным правам могуць быць названы першымі беларускімі краязнаўчымі організацыямі.

М. Касьпярові. Штомесячнiк «Наш край» Цэнтральнага бюро краязнауства пры Iнстытуце беларускае культуры. № 2 (29) люты 1928.

© ГУК «Слуцкий районный центр народного творчества», 2025
Владимир ХВОРОВ

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.