Студзень: зімовы пачатак года і народныя прыкметы

Сама назва гэтага месяца красамоўна гаворыць пра яго характар: студзень – значыць, сцюдзёны. Старабеларуская назва – «стычень». Наогул, усе беларускія найменні месяцаў адлюстроўваюць характэрныя асаблівасці сезонаў года. У рускай мове – паходзяць ад лацінскіх назваў. У рымлян студзень – januarius, у англічан – January, у немцаў – Januar, у французаў – janvier. У славян ён таксама называўся сечэнь (ад слова «секчы», рыхтаваць дровы), просинец (просінь у небе): у сучаснай мове чэхаў – leden, палякаў – styczen, украінцаў – січэнь. Назву «януарыус» увёў рымскі цар Нума Пампілій у VII стагоддзі да нашай эры. Янус быў богам рымлян, якому прысвячаўся першы дзень гэтага месяца і святы Януаліі.
«Студзень – году пачатак, зіме – сярэдзіна». Нярэдка па народных прыкметах год падзялялі на дзве роўныя часткі: адна пачыналася з 1 студзеня, другая – з 1 ліпеня. Заўважаючы асаблівасці надвор`я ў пэўны дзень першага паўгоддзя, меркавалі пра надвор`е ў адпаведны дзень другой паловы года. Супастаўлялі ў першым і другім паўгоддзі цэлыя месяцы, а то і поры года. Па студзені мяркавалі пра будучую вясну («Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік») і пра лета («Студзень мяце – ліпень залье»). Па характары першага месяца сяляне стараліся вызначыць і набытак, які чакаецца ў агародзе і на полі: «Студзень пагодны – год будзе плодны». Гнілое надвор`е на пачатку года не абяцала ўцехі чалавеку: «Калі ў студзені дажджы – дабра не жджы».

Январь. фото владимир хворов
Январь. Фото — Владимир Хворов

1/19. Цяпер у гэты дзень мы прывыклі адзначаць Новы год. У старым жа каляндары ён не лічыўся святочным. Працягваючыся з папярэдняга года, апошні свой тыдзень дабываў Піліпаўскі пост. Ён заканчваўся з надыходам урачыстага зімовага святкавання, якое на працягу двух тыдняў (з 7 па 19 студзеня) ахоплівае некалькі свят і вядома ў народзе як Каляды.

Январь. фото владимир хворов
Январь. Фото — Владимир Хворов

7/25. Раство Хрыстова. Пасля шматтыднёвага посту, нарэшце, прадстаўлялася доўгачаканая магчымасць паесці ўволю скаромнага. З гэтага часу па сяле пачыналі хадзіць калядоўшчыкі:

Добры вечар, пане гаспадару, ой, Каляда, ой, Каляда!
Харошыя маеш ты сыночкі, ой, Каляда, ой, Каляда!
Ой, што ж яны ў цябе робяць? ой, Каляда, ой, Каляда!
У святлічцы золата важаць, ой, Каляда, ой, Каляда!
Наважылі трыццаць пудоў і чатыры, ой, Каляда, ой, Каляда!
Тыя трыццаць пану гаспадару аддалі, ой, Каляда, ой, Каляда!
А тыя чатыры нам, каляднічкам і калядзе, ой, Каляда, ой, Каляда!

На працягу ўсіх Каляд нельга было нічога ні шыць, ні віць, ні плесці, ні рабіць крывога і колападобнага, ні сячы сякераю (напрыклад, ставіць агароджы, пячы абаранкі, рабіць закруткі для саней), іначай, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны з`явіцца на свет, абавязкова народзяцца пакалечаныя.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Волшебство рождественского праздника: творчество и труд организаторов
Январь. фото владимир хворов
Январь. Фото — Владимир Хворов

14/1. Стары Новы год. Васілле. У навагодніх павер`ях адчуваецца прысутнасць магіі «першага дня». Першы дзень года, праведзены належным чынам, нібыта гарантаваў удачу на ўвесь год. Хто з хатніх жыхароў у самы першы дзень года апярэдзіць астатніх, прынясе са студні вады і ўмыецца – на працягу года будзе рухавы і бадзёры. Калі снег на Новы год падаў з самага ранку, то і зіма прадбачылася снежная. Калі на Васілле вецер дзьме з усходу – трэба было чакаць гарачага і сухога лета, калі з поўдня – умеранага; заходні вецер абяцаў мокрае лета, паўночны – халоднае, з градам.

Январь. фото владимир хворов
Январь. Фото — Владимир Хворов

19/6. Вадохрышча – апошняе свята каляндарнага цыкла: «Святое Хрышчэнне і Калядам прашчэнне». У гэты дзень, згодна з праваслаўным календаром, святкавалася хрышчэнне Ісуса Хрыста, асвячалася вада. Народ верыў у цудадзейную сілу такой вады і выкарыстоўваў пры розных бытавых выпадках і здарэннях: яе давалі выпіць хвораму, ёю акраплялі новую хату перад тым, як засяліцца, і вуллі, каб лепш вяліся пчолы. Хрышчэнскай вадой асвячалі поле перад сяўбою. Дзе-нідзе ў гэты дзень дазвалялася выконваць некаторыя сялянскія работы, забароненыя на працягу ўсіх Каляд. На Вадохрышча прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова паварочвалася на лета. У народзе казалі: «Трэшчы не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы – не к Ражству, а к Пятру» (маўляў, больш маразоў ўжо не будзе). Вадохрышча было днём, па якім арыентаваліся ў вызначэнні будучага надвор`я («На Вадохрышчы вельмі сцюдзёна – у жніво вельмі горача»), спрабавалі прадказаць і якасць будучага ўраджаю («На Вадохрышча дзень цёплы – будзе хлеб цёмны»).

Студзень – году пачатак, а зіме – палавіна.
Студзень хаты студзіць – рана гаспадароў будзіць.
Студзень пагодны – будзе год плодны.
Калі студзень імглісты – мокры год, калі халодны – позняя вясна і халоднае лета.

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2025
Крыніца: Кабінет-музей беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта БДУ
Фота – Уладзімір Хвораў

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  8 мая – День Государственного герба и Государственного флага Республики Беларусь