Ігар Ціткоўскі – вядомы ў нашай краіне краязнавец, архівіст, гісторык архітэктуры Беларусі, мастак-графік, педагог. Жыве і працуе ў Слуцку, на Міншчыне. Паразмаўлялі з ім пра вартасці мастацкага краязнаўства на прыкладзе Случчыны, якая ў розныя стагоддзі выправіла ў вялікі свет каля сотні мастакоў.
– Вы многія гады займаецеся гісторыяй мастацтва праз прызму рэгіёназнаўства. Насколькі эфектыўны гэты шлях ў справе мастацкай адукацыі, мастацкага выхавання грамадства?
– Свае матэрыялы па адпаведных тэмах я друкаваў у мясцовай і рэспубліканскай прэсе. Ёсць кніжныя выданні па гісторыі архітэктуры і гісторыі выяўленчага мастацтва Слуцка і часткова Случчыны. Да гэтага часу перыядычна дзялюся чымсьці цікавым на сваёй старонцы ў Fасеbооk. Падчас працы ў Слуцкай дзіцячай мастацкай школе мастацтваў, калі выкладаў прадмет «Гісторыя мастацтва», у курс «Мастацтва Беларусі» ўвёў раздзел «Гісторыя архітэктуры, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога (ужытковага) мастацтва Случчыны». Лічу, што падобныя тэмы павінны падымацца ў праграмах і ў іншых школах мастацтваў краіны.
Наколькі эфектыўны мой шлях у справе мастацкай адукацыі і мастацкага выхавання грамадства – дакладна сказаць не магу. Спецыяльна такім пытаннем не займаўся. Часам у размовах з былымі вучнямі, якія працягвалі вучобу ў навучальных установах мастацтва або культуры, сутыкаўся са шчырай удзячнасцю за атрыманыя ад мяне веды, якія дапамагалі ім пры засваенні некаторых тэм. Ведаю, што маімі выданнямі падчас вучобы карысталіся і тыя, хто не вучыўся ў мастацкай школе.
– Слуцк падаецца ўнікальнай прасторай, якая дала Беларусі і свету нямала цікавых асоб у выяуленчым мастацтве. Ці ўсе з іх вядамыя ў горадзе сёння, у XXI стагоддзі?
– Мастакі цяперашнія, XX і часткова XXI стагоддзяў, вядомыя тым, хто цікавіцца гэтай тэмай. Прозвішчаў майстроў ранейшых часоў захавалася мала, хаця ёсць цікавыя даследаванні па гэтай тэме, напрыклад, па іканапісе (перш за ўсё работы Юрыя Піскуна). Разважаць пра ўнікальнасць малой радзімы мне складана, для гэтага трэба праводзіць нейкія даследаванні, але наша гісторыя, канешне, мае свае асаблівасці: палітычныя, адміністрацыйныя і рэлігійныя, што не магло не накласці свой адбітак на культуру і мастацтва рэгіёна.
– Слуцк – адзін з нямногіх раённых цэнтраў, дзе ёсць мастацкая галерэя. Якім вам бачыцца яе развіццё?
– Мастацкая галерэя – гэта дзяржаўная ўстанова, і яе развіццё залежыць ад жадання альбо зацікаўленасці прадстаўнікоў улады і работнікаў краязнаўчага музея і мастацкай галерэі. А таксама – ад магчымасці фінансавання нейкіх праектаў. Як паказала практыка, многія прапановы, ідэі, планы, што прыходзяць збоку, не прымаюцца да ўвагі альбо адвяргаюцца. Часам няма нават спроб рэалізаваць ідэі. Таму зараз я раблю большы акцэнт на свае нерэалізаваныя праекты. Іх процьма, усё хочацца паспець. Хаця калі з’явіцца рэальная магчымасць нейкага развіцця галерэі і будзе зацікаўленасць з боку кіраўніцтва паслухаць меркаванні і прапановы іншых, то я не супраць прыняць удзел у такой размове.
Тым не менш можна падзяліцца некалькімі думкамі. Мастацкая галерэя – філіял краязнаўчага музея. I яе работнікі (а таксама прастора галерэі) часта прыцягваюцца для правядзення мерапрыемстваў, не звязаных з мастацтвам Лічу, што работнікі галерэі павінны быць заняты рашэннямі праблем, звязаных з мастацтвам. Каб праводзіліся даследаванні, рабіліся навуковыя публікацыі, шукаліся творы, сучасныя і старажытныя, якія неабходна было б набыць у фонд. Для гэтага патрэбны зацікаўленыя ў такой рабоце і прафесійна падрыхтаваныя супрацоўнікі. Калі загадчыца галерэі даволі паспяхова працуе ўжо колькі гадоў, то навуковыя супрацоўнікі, якія па чарзе прыбываюць па размеркаванні пасля вучобы, адпрацоўваюць свой тэрмін і звальняюцца.

Плошча галерэі абмежаваная (для яе прыстасаваны корпус ранейшага дзіцячага садка), таму можна было б падумаць, як рацыянальна выкарыстаць для правядзення нейкіх рэкламных або асветніцкіх праектаў невялікую вонкавую тэрыторыю з боку галоўнага фасада. Тут часам на гарадскія святы на вынасных мальбертах выстаўляюцца работы мастакоў з фонду музея, але я супраць таго, каб арыгінальныя творы знаходзіліся на адкрытым паветры.
– На ваш суб’ектыуны погляд, якімі маглі б быць маршруты мастацка-краязнаучага характару па Слуцку і ваколіцах?
– З-за таго, што ў Слуцку невялікі гістарычны цэнтр, захавалася не шмат старой забудовы. Таму мастацка-краязнаўчы маршрут будзе мала адрознівацца ад традыцыйнага гістарычнага маршруту па Слуцку. Можна зрабіць вандроўку па ваколіцах – месцах нараджэння, жыцця і пахаванняў слуцкіх мастакоў, але гэта даволі спецыфічная тэма, і будзе патрэбны транспарт.
– Проз некалькі гадоў, у 2029-м, спаўняецца 220 гадоу з дня нараджэння славутага мастака Кандрація Карсаліна. Якім вам бачыцца гэты юбілей?
– Па-першае, патрэбна было б наладзіць даследчую работу Слуцкім краязнаўчым музеем і Нацыянальным мастацкім музеем. Дакладна не вывучаны апошнія гады жыцця мастака, праведзеныя ў Слуцку. Невядома, ці меў ён тут заказы і якія ў такім выпадку работы зрабіў, дзе іх можна было б шукаць. Прасачыць гісторыю храмаў i іх іканастасаў, якія стварыў Карсалін, працуючы ў Пецярбургу, магчыма, нешта таксама захавалася. Пашукаць фота мастака, мо засталіся яго аўтапартрэты, якія, вядома, некалі знаходзіліся ў Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбурга. Слуцкі музей мог бы звярнуцца ў музеі Санкт-Пецярбурга, дзе захоўваюцца работы Карсаліна, з прапановай зрабіць для музея якасныя рэпрадукцыі карцін мастака (лепш за ўсё – у натуральную велічыню). У Слуцку варта наладзіць прысвечаныя такой даце канферэнцыю, чытанні альбо што іншае. Як варыянт – падрыхтаваць выданне пра творчасць і жыццё мастака.
– Вялікі ўнёсак у кніжную графіку Беларусі зрабілі мастакі Басалыгі. Сёння ў беларускіх выдавецтвах даволі плённа працуюць случчане Міхаіл Дайлідау, Кірыл Задворны… Ці ёсць нейкі сакрэт, чаму случчан прыцягвае графіка?
– Наўрад ці можна гаварыць так катэгарычна. Сярод мастакоў ураджэнцаў Случчыны сустрэнем і графікаў, і жывапісцаў (Уладзімір Хадаровіч, Алена Бархаткова (Новік), Мікалай Валынец), скульптараў (Рамуальд Ёдка, Сяргей Галуза). Ёсць тыя, хто працаваў або працуе адначасова ў розных відах мастацтва: Георгій Скрыпнічэнка (жывапіс, графіка), Уладзімір Вішнеўскі (графіка, жывапіс, скульптура).
– Альбом мастакоў Случчыны… Якім павінна быць такое выданне?
– Усё залежыць ад таго, хто будзе рыхтаваць альбом, як ён яго ўяўляе, на якую аўдыторыю будзе разлічаны, а таксама ад іншых складнікаў, што могуць паўплываць на выданне. Гэта можа быць альбом, прысвечаны мастакам XX стагоддзя. Або альбом, прысвечаны іканапісу Случчыны, ці які ахоплівае гісторыю мастацтва Случчыны ад першабытных часоў да пачатку XXI стагоддзя.
Гутарыў Кастусь Лешніца
© ГУК «Слуцкий районный центр народного творчества», 2026
Маладосць N 12-2025 стар. 95-97
Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.