Святочная магія Шчодрага вечара

Аднойчы ў Шчодры вечар паэзія калядных свят зноў загучала ў душах і сэрцах беларусаў. Яна захапляе сваёй самабытнасцю і каларытам, яркасцю і непахіснай верай у дабро і непераможнасць жыцця.

Гэтыя святы прыходзяць у марозны зімовы час, як жаданая казка, і даюць магчымасць дакрануцца да нечага вялікага і светлага, добрага і вечнага.

13 студзеня, калі на небе загараюцца першыя зорачкі, а пад нагамі скрыпіць срабрысты снег, творчы калектыў Мусіцкага сельскага клуба, паводле добрай традыцыі, адпраўляецца ў падарожжа-віншаванне па навакольных вёсках.

Узначальвае гурт Шчодра – прыгожая дзяўчына з каляднай зоркай, сімвалам свята. Побач з ёю – грацыёзны Жораў, які ўвасабляе прыгажосць, гармонію і мудрасць жыцця.

Вясёлыя калядоўшчыкі заходзяць у хаты, дзе іх чакаюць шчодрыя гаспадары. І пачынаецца сапраўдная магія: песні і віншаванні, танцы і карагоды, гумар і добрыя пажаданні. Часам цяжка ўтрымацца ад весялосці, і гаспадары самі далучаюцца да святочнай дзеі. Потым яны шчыра дзякуюць за настрой, выказваюць задавальненне і жаданне сустрэцца зноў у наступным годзе. І, як заўсёды, шчодра адорваюць калядоўшчыкаў.

А вечар працягваецца. За ўсім назірае месячык-спадарожнік, мільгацяць зорачкі, пад нагамі скрыпіць снег. І так лёгка становіцца на сэрцы – бо калядная паэзія жыве і дорыць надзею.

© ГУК «Слуцкий районный центр народного творчества», 2026
Марына ДУРЫЦКАЯ, загадчык Мусіцкага сельскага клуба

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Стартовали областные «Дожинки-2024»