Калі «сакавік» будзіць сок у дрэвах і сорак жаўрукоў клічуць вясну

Сучасная беларуская назва трэцяга месяца года і першага месяца вясны паходзіць ад слова «сок». У гэтую пару сок пачынае цячы з дрэў. У адным з тэкстаў XІV стагоддзя, які пісаўся ў полацкім манастыры, зафіксавана найменне сухий. Францыск Скарына ў «Малой падарожнай кніжцы» (1522) згадвае месяц марець, а ў астрожскім «Псалтыры» (1597) – березол. Апошняя назва, дакладней яе варыянты, захаваліся ў чэшскай мове – brezen, украінскай – березень. Лацінскую форму ўтрымліваюць французская – mars, англійская – march, нямецкая – Marz, польская – marzec, руская – март, італьянская – marzo і інш. Рымскі martius, згодна легендзе, «абвясцілі» Ромул і Рэм у гонар бога сонца і вайны Марса, апекуна земляробства і жывёлагадоўлі, які ўвасабляў творчыя сілы прыроды. Сакавік быў першым месяцам года аж да 153 года да нашай эры (таксама і ў многіх народаў, у тым ліку беларусаў).

Сакавік. фото © владимир хворов (hvoro
Сакавік. Фото © Владимир Хворов (hvorov@tut.by), 2026

Пра пару, калі зіма павінна саступіць месца вясне, у народзе гаварылі: «Люты вады падпусціць, а сакавік падбярэ». Але надта давярацца лагоднасці першага вяснавога месяца было б неабачліва, паколькі зіма ў гэты час яшчэ не здалася: «Марац кусае за палец». Калі зямля зарань вызвалялася ад снежнага покрыва і агаляла азіміну ў той час, як прыціскалі маразы, селянін мог разлічваць на небагаты ўраджай: «Калі жыта ў марцы глядзіць на неба, не есці тады хлеба».

Сакавік. фото © владимир хворов (hvoro
Сакавік. Фото © Владимир Хворов (hvorov@tut.by), 2026

9/24. Іван, Эразм. Праз тры тыдні і адзін дзень пасля Грамніц значыўся прысвятак Паўраценне, або Абратанне (ад царкоўнага «Обретение» – знаходжанне галавы Іаана Хрысціцеля). Асабліва шанавалі гэты дзень пчаляры. Яны заглядвалі ў вуллі і калі знаходзілі («обретали») пчол жывымі, то ўжо не сумняваліся ў паспяховай іх перазімоўцы. На Валожыншчыне слова «паўраценне» тлумачылі тым, што мядзведзь у бярлозе ў гэты дзень паварочваецца на другі бок. «Янавай галавы баіцца зіма», г.зн. цяпло ўсё больш упэўнена сыходзіць на зямлю.

Сакавік. фото © владимир хворов (hvoro
Сакавік. Фото © Владимир Хворов (hvorov@tut.by), 2026

22/9. Сорак пакутнікаў, або па-народнаму Саракі (Соракі). Лічба, што ўваходзіла ў назву свята, шырока абыгрывалася ў павер`х і абрадавых дзеяннях, якія бытавалі ў гэты дзень. Калі на Саракі здараўся мароз, то меркавалі, што пасля яго адбудзецца яшчэ сорак маразоў. На Саракі сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў. Раніцай перад усходам сонца хлопчыкі стараліся перакінуць цераз страху 40 трэсак: калі гэта ўдасца, то ўлетку будуць добра знаходзіцца птушыныя гнёзды. Свае звычаі былі і ў дзяўчат: яны пераломвалі 40 дошчачак і перарывалі 40 вяровачак і шнуркоў. Прадметы, што пераломваліся і разрываліся, напэўна, сімвалізіравалі сабою сілы, якімі была скавана зямля, і выкананне гэтага абраду мела сваёю мэтаю наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду. «На Саракі дрэвы адпушчаюцца», – сведчылі народныя назіранні. «На Саракі прыляцелі з-за мора птакі», – падказвалі вясковыя фенолагі і, нават, удакладнялі: «Прылятае 40 жаваранкаў». (Ці не таму іх прылёт адзначалі гаспадыні, выпякаючы ў гэты дзень для дзяцей 40 жаваранкаў з цеста і кладучы ў адзін з іх «саракоўку» – 20 капеек? Каму яна дастанецца – той будзе шчаслівы.) Надвор`е на Саракі таксама прыцягвала ўвагу чалавека. Калі ад Грамніц да Саракоў не ішлі дажджы і не псавалася дарога, то летам чакалася засуха. Калі ў гэты дзень на стрэхах ляжаў снег, то на Благавешчанне ён будзе пакрываць усю зямлю, а на Юр`я – асобныя мясціны. Калі на Саракі ўволю нап`ецца вол ад расталых ледзяшоў – будзе добрая вясна. Зрэшты, яна ўжо стаяла на дварэ: «Саракі – не суйся блізка да ракі» (г.зн. надышла пара разводдзя). На Усходнім Палессі дзяўчаты хадзілі гукаць вясну:

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Инфографика БЕЛТА: Всебелорусское народное собрание
Сакавік. фото © владимир хворов (hvoro
Сакавік. Фото © Владимир Хворов (hvorov@tut.by), 2026

Жаваранак, ранняя птушачка,
Чаго так рана з выраю вылятаеш?
А там пры даліне – там ляжаць крыгі,
А там пры дарозе – снягі і марозы.
А я тыя крыгі крыламі разаб`ю,
А я тыя маразы нагамі растапчу.

Сакавік. фото © владимир хворов (hvoro
Сакавік. Фото © Владимир Хворов (hvorov@tut.by), 2026

Сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе.
Сакавік зялёны – ураджай благі.
Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж – пан.
Няма ў сакавіку вады – няма ў красавіку травы.

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2026
Крыніца: Кабінет-музей беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта БДУ

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.