Назва чацвёртага месяца года паходзіць ад слова «красаваць», бо ў ім з`яўляюцца першыя краскі-кветкі. Гэтаму адпавядае і другое найменне, што сустракаецца ў старажытнай літаратуры, – кветень. У прыватнасці, яго ўжывае Ф. Скарына ў «Малой падарожнай кніжцы». Такая форма захавалася ва ўкраінскай мове – квітень і польскай – kwiecień. У старажытных славян чацвёрты месяц яшчэ вядомы як беразоль. А ў чэхаў гэта duben, у літаўцаў – balandis і г.д. Рускі апрель (таксама ў англічан, французаў, немцаў) паходзіць ад рымскага aprilis, што азначае «адчыняць». У гэты месяц у Італіі адчыняліся дзверы вясны, распускаліся на дрэвах пупышкі. Пачатак апрыліса ў рымлян прысвячаўся дзвюм багіням. 4 красавіка распачыналася сямідзённае свята Магалерыя. А свята Цэрэаліі адзначалася ў гонар багіні земляробства Цэрэры, апякункі збожжа і пладоў, маці-карміцелькі ўсіх жывых істот, у тым ліку і людзей. Лічылася, што ад яе пайшла ўсякая культура, якая звязана з земляробствам. «Вынаходніцы» земляробства ахвяравалі мёд, малако, збожжа, розныя плады і кветкі. Трэцім важным святам былі Паліліі. Яны праводзіліся 21 красавіка ў гонар божышча пастухоў Палеса, якраз у дзень заснавання Рыма. Падчас святкавання рымляне асаблівую ўвагу звярталі на жывёлу: ачышчалі яе памяшканне, упрыгожвалі зелянінаю, абкурвалі сераю. У ахвяру Палесу прыносілі малако. Праводзілі абрады ачышчэння: пастухі пераскоквалі цераз кастры з саломы і праганялі праз іх свойскую жывёлу.

Для земляробства настае адказны час: падрыхтоўка насення і выбар аптымальнага дня першага ворыва. На яго сяляне некалі ішлі як на свята: мыліся ў лазні, апраналіся ва ўсё белае, выконвалі прымеркаваныя да тае нагоды абрады, прытрымліваліся павер`яў. Надзейнай прыкметай гатоўнасці глебы з`яўлялася наступнае: сціскалі ў жмені невялікі яе камяк і з сілай разбівалі вобзем. Калі рассыпаўся – «засупоньвай хамут». Пачалі жабы крактаць – выходзь у поле. Жаўрук зазвінеў – бяры саху ў рукі. Не без падстаў у народзе было прынята выязджаць у поле пасля першага грому: следам за ім усталёўваліся цёплыя пагодлівыя дзянькі. Вопытныя сейбіты аддавалі даніну павагі традыцыям і больш спадзяваліся на сябе, на веды і ўменні. Кідалі зярняты раўнамерна праз крок, пазбягалі неглыбокага іх загортвання. Тэрмін сяўбы залежаў ад рэгіянальных асаблівасцей, мелі на ўвазе і такое: як цвіце каліна – без ваганняў сей ячмень; сеялі таксама, калі з`яўляліся на елках шышкі чырвоныя, а на соснах зялёныя; з ячменем стараліся ўправіцца да вылету хрушчоў. Пшаніцу сеялі, калі распускалася чаромха, а льном займаліся ў апошнюю чаргу. Народныя прыкметы дапамагалі селяніну выбраць месца пасеву ў залежнасці ад надвор`я, указвалі на паслядоўнасць вырошчвання культур на розных палетках. Так, калі чакалася сухое лета, то на нізінах высявалі лён і гарох, а на ўзгорках – авёс. Канюшыну сеялі па азімым полі, на папарах – жыта, пасля яго – ячмень, затым – авёс і грэчку, або ячмень – па бульбе, а лён – на канюшыне, ячмені, цаліне ці залежы і г.д.

6/24. Камаедзіца. Язычніцкае свята пакланення мядзведзю, зафіксаванае ў мінулым стагоддзі на Бягомльшчыне. Вось яго апісанне, зроблена адным з карэспандэнтаў П. Шэйна. «У гэты дзень гатуюць асобную ежу, менавіта: на першую страву – сушаны рэпнік у гонар таго, што мядзведзь харчуецца пераважна раслінным кормам, травамі; на другое падаецца кісель, бо звер любіць авёс; трэцяя страва складаецца з гарохавых камоў, ад якіх і само свята атрымала назву Камаедзіцы. Пасля абеду ўсе – і старыя, і малыя – кладуцца адпачываць, але не спяць, а час ад часу пераварочваюцца з боку на бок, нібы мядзведзь у бярлозе. Цырымонія расцягваецца каля дзвюх гадзін – усё робіцца дзеля таго, каб мядзведзь лёгка падняўся пасля зімовага сну. Потым сяляне ўжо не займаюцца сваімі дзённымі справамі, святкуюць. Паводле павер’я, мядзведзь у гэты дзень абуджаецца ад спячкі. Выходзіць са сваёй бярлогі. Вось і сустракаюць яго добразычліва. Пачатак свята бярэ, без сумнення, ад часоў дахрысціянскіх і служыць верагоднай дакументацыяй таго, што ў дадзенай мясцовасці пакланяліся мядзведзю. Па ўспамінах старажылаў, у гэтым рэгіёне некалі былі магутныя лясы і непраходныя нетры, дзе вялося мноства дзікіх звяроў. Мядзведзь вылучаўся сваёй сілаю, ростам, наводзіў страх на людзей. Каб задобрыць яго, людзі і прыдумалі звычай ушаноўваць мядзведзя» (Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 3. СПб., 1902.). Гэта цікавы факт татэмічных вераванняў нашых далёкіх продкаў. Ён не мог падвергнуцца хрысціянізацыі, а таму знік у сілу свайго яўнага язычніцтва. У Эстоніі мядзведзь меў два дні ў годзе: сярэдзіну зімы (14 студзеня), калі «пераварочваўся на другі бок» і сярэдзіну лета. З гэтага можна меркаваць, што беларускі цар лясоў «пераварочваўся» менавіта блізка даты вясенняга раўнадзенства. Ля Новага года ён мог апынуцца пазней, у хрысціянскі перыяд. Вобраз мядзведзя прысутнічае ў фальклоры многіх народаў: на Грамніцах, Масленіцы, веснавым карнавале, Калядах. Б. Рыбакоў ў беларускіх Камаедзіцах знаходзіць аналогіі грэчаскім «камедыям». Мядзведзь быў зверам Артэміды, адпаведна багіні Лады. У даследчыкаў не ўзнікае сумнення адносна культа мядзведзя як сакральнай жывёлы ў сістэме татэмізма. У міфалагічных уяўленнях народаў свету і рытуале мядзведзь можа выступаць як бажаство (у прыватнасці, якое памірае і адраджаецца), культурны герой, пачынальнік традыцый, продак, родапачынальнік, татэм, дух-ахоўнік, гаспадар ніжняга свету, свяшчэнная і (або) ахвярная жывёла, зааморфны класіфікатар, элемент астральнага коду, увасабленне душы, дарыцель, звярыны двайнік чалавека, памочнік шамана, яго зааморфная іпастась і душа, пярэварацень і г.д. У беларускім фальклоры, як і ў вуснай творчасці многіх народаў, мядзведзь лічыўся царом звяроў, асноўным персанажам казак пра жывёл. Міфалагічны вобраз яго добра апісаны А. Ненадаўцом. Нягледзячы на немалы шэраг кананізаваных імён у царкоўным календары, што адзначаюцца ў гэты дзень, народная традыцыя не вылучыла ніводнае з іх.

7/25. Благавешчанне (Дабравешчанне, Звеставанне). Лічылася вялікім святам, святам прылёту бусла, ластаўкі. Шчасціла нібыта таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць, а не стаіць. А ў таго, каму трапіць на вока стаячы, нібы будуць балець ногі. У гэты дзень забаранялася гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, не пачыналі сеў, не выганялі першы раз кароў, не вывозілі гной у поле. Са святам звязана шмат прыкмет: «Дабравешчанне без ластавак – халодная вясна», «Калі пчала не выходзіць з вулля да Дабравешчання, то будзе цёплае, ураджайнае лета, а калі пакажацца раней-то благое, беднае»; прымавак: «На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ўе»; забарон: «У гэты дзень не садзяць на яйкі гусей – іначай будуць калекі». Гаспадыня падымалася раней мужа, каб выканаць абрад «развязвання сахі». Пасля абеду ў многіх раёнах Беларусі «гукалі вясну». Дзяўчаты збіраліся ля гумнаў і лазняў, забіраліся нават на стрэхі і спявалі вяснанкі, што заканчваліся выгукам: «Гу!«. Разводзілі невялікія кастры, вадзілі вакол іх «танкі». На паўднёвым усходзе Беларусі на вясновае свята прымяркоўвалі правядзенне старадаўняга абраду «ваджэння і пахавання стралы» з выхадам у зелянеючае азімае жыта. Змест народнай традыцыі святкавання Благавешчання не выяўляе сэнс царкоўнага свята Дабравешчання Правятой Багародзіцы, якая ў той дзнь пачула ад Анёла: «Не бойся, Марыя, бо атрымала мілату ад Бога. І вось ты зачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус». Свята ўпершыню пачалі адзначаць у ІV стагоддзі н.э. у Канстанцінопалі.

Вербніца (Вербная нядзеля) – нядзеля перад Вялікаднем. Пачатак Вербнага тыдня. У царкве ў суботу асвячалі галінкі маладой вярбы, адзін аднаго сцябалі імі, прыгаворваючы: «Вярба б’е, не я б’ю, за тыдзень – Вялікдзень. Будзь здаровы, як вада, будзь багаты, як зямля!». Галінкі тыя захоўвалі, пашаптаўшы замову, вярбою гналі першы раз кароў на пашу: «Вярба свята – нова лята, вярба пасвіці ў поле гнала». Адзначэнне хрысціянскай Вербнай нядзелі мае большыя сувязі, чым іншыя святы, з народнымі традыцыямі. Як народная, так і царкоўная традыцыі маюць адзін асноўны сімвал – вярбу. Згодна з біблейскай гісторыяй, пасля таго як Ісус Хрыстос уваскрасіў з мёртвых у суботу Лазара, Выратавальнік у наступны дзень як Месія (абяцаны Старым Запаветам) уязджае на асле ў Іерусалім. Напярэдадні іўдзейскай Пасхі ў горадзе было шмат людзей з усёй Палесціны, якія жадалі ўбачыць Памазаніка Божага, які здзіўляў сваёй мудрасцю, прароцтвамі і цудамі. Па даўняй традыцыі радасны і ўсхваляваны народ усцілаў дарогу Ісусу маладымі пальмавымі галінкамі.

Чысты (Вялікі) чацвер – чацвер на Вербным тыдні. Дзень звязаны з мыццём: хадзілі мыцца ў лазню, на «бягучую ваду», на расу, каб не было на целе хвароб, клапоў у хаце: «Чысты чацвер вулкі чысце, дваркі мяце, слядкі кладзе… к святому Вялічку». Аралі і сеялі: «Чысты чацвер ячмень засяваець». У гэты дзень садзілі капусту, каб расла чыстай. Прыкмячалі: як на Чысты чацвер добрае надвор’е, то і на Ушэсце, і на Вялікдзень будзе такое ж. Песень не спявалі, бо працягваўся пост. Звяртае на сябе ўвагу адноснае багацце язычніцкай традыцыі ў дзень Чыстага чацвярга, які звязаны з рухомым царкоўным календаром. Міжволі ўзнікае думка аб існаванні ў дахрысціянскі перыяд нейкага невядомага нам язычніцкага святкавання, якое ў народнай традыцыі злілося з царкоўным. Вялікі чацвер – гэта ўспамін аб Тайнай Вечары, калі праследуемы Хрыстос апошні раз вольна сустракаецца з 12 вучнямі перад здрадай аднаго з іх – Іуды. Іуда Іскарыёт здрадніцкім пацалункам указаў на Ісуса, якога тут жа схапілі стражнікі. Царква ў сваіх песнапеннях і іншых дзеях смуткуе і спачувае Вялікаму Пакутніку і Збавіцелю.

Чырвоная (Вялікая) пятніца. Рыхтаваліся да вялікага свята. Згодна з Бібліяй, гэта дзень, калі быў раскрыжаваны на Галгофе Ісус.
Чырвоная (Вялікая) субота – апошні дзень перад Вялікаднем. Пяклі пірагі, фарбавалі яйкі цыбульнікам ці васковымі жамерынамі. Хадзілі на могілкі прыбіраць. Палілі кастры. Усю ноч у хатах гарэла святло. Чырвоная субота – напамінак аб знаходжанні Збавіцеля ў дамавіне.

Вялікдзень (Пасха) – вялікае гадавое свята, карані якога вядуць у глыбокую стражытнасць. Ім некалі пачынаўся новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім «рухомым» календары. Свята пачынаецца «ўсяночнай». З Чырвонай суботы на нядзелю многія не спалі, на вуліцах гарэлі кастры, чулася стральба, некаторыя шукалі папараць-кветку, у царкве свяцілі пафарбаваныя яйкі, пірагі, мак, хрэн, мяса і інш. Раніцай хадзілі глядзець «гульню» сонца, пафарбаванымі яйкамі гулялі «ў біткі», качалі іх, гушкалі на арэлях, вадзілі карагоды. Умываліся вадой з чырвоным яйкам. Елі свянцонае. Лічылася, што смерць у светлы дзень, нават для цяжкага грэшніка, святая: ён атрымліваў дараванне грахоў. Лічылася, што на Вялікдзень пачынае кукаваць зязюля. Адным з яркіх сімвалаў Вялікадня стала яйка, традыцыя фарбавання якога пачалася амаль адразу пасля Уваскрэсення Хрыстова. Марыя Магдаліна, сведка вялікай падзеі сустрэчы ў Светлую Нядзелю Ісуса на трэці дзень пасля раскрыжавання, прыбегла да імператара Тыберыя ў Рым з чырвоным яйкам і словамі: «Хрыстос уваскрос!«. Чырвоны колер – знак Божых пакут дзеля людзей. Але яйка на хрысціянскую Пасху з`явілася не на пустым месцы і невыпадкова, бо існавала яшчэ глыбейшая язычніцкая традыцыя. У старажытных міфах народаў свету (Кітай, Егіпет) птушынае вясновае яйка ўяўляецца як мікракосм, у якім адлюстроўваўся Сусвет. Традыцыя Пасхі таксама мае глыбокія карані. Яна ўстанавілася яшчэ раней самага вялікага хрысціянскага свята. Афіцыйна адзначэнне царкоўнага святкавання пачалося з 525 года, калі на Першым Усяленскім царкоўным саборы ў Нікеі было вырашана ўстанавіць яе ў першую нядзелю пасля вясенняга раўнадзенства (22 сакавіка) і поўні пры ўмове, што яна ніколі ўжо не будзе супадаць з іўдзейскай, як было дагэтуль. Слова «пасха» ў перакладзе са старажытнаяўрэйскай мовы («песах») азначае «прахаджэнне побач», «літасць». Паходжанне значэння слова тлумачаць наступным чынам. У некаторых краінах дахрысціянскага Бліжняга Усходу існаваў культ багоў, адны з якіх паміралі, а іншыя з прыходам вясны адраджаліся. Да гэтага часу неабходна было заплаціць падаткі і ахвяраваць багам жывёліну, пазначаўшы ўваход жылля яе крывёю. Збіральнікі падаткаў такія хаты пакідалі ў літасці, праходзілі побач. Пазней да ахвяравальных знакаў, пасхальнай (велікоднай) сімволікі далучылася і фарбаванае яйка.

Працяг Велікоднага тыдня. У царкоўным календары – гэта светлая сядміца. У панадзелак і аўторак свята працягваецца. У большасці раёнаў Беларусі хадзілі валачобнікі, спявалі песні гаспадару і гаспадыні, дзяўчыне, хлопцу, бабцы. У асобных валачобных песнях у паэтычнай форме паказваецца ўвесь земляробчы каляндар селяніна, які пачынаецца Вялікаднем (і якое неабходна лічыць пачаткам года, Новым годам). З Новым годам і калядаваннем звязваецца валачобніцтва і праз лялькавую скрыню «Ягорый», што насілі некаторыя гурты. Адметны беларускі звычай узнік пад уздзеяннем батлейкі.
Радаўніца (Радуніца, Провады, Мёртвы дзень, Праводны дзень) – аўторак другога (Фамінога) тыдня пасля Вялікадня, дзень памінання памерлых на могілках. Вядомы ва ўсіх славян. У народзе гавораць: «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць». Рускія на Радаўніцу спраўлялі «вьюнец», за якім спявалі абрадавыя песні ў гонар маладых, якія абвянчаліся на Краснай горцы. Старажытнасць абрада даследчыкі бачаць у тым, што пасля памінання і галашэнняў пачыналася шумнае вяселле з песнямі, скокамі, асабліва гэта захавалася на Беларусі і ў Сібіры. У рытуальным вяселлі і песнях праяўляецца імкненне пераадолення смерці, паралізуючае ўздзеянне на яе, сцвярджальнасць жыцця.
Красавік сініць і дзьме – бабам цяпло нясе, а мужык пазірае ды галавою ківае.
У красавіку грымот – цёплы будзе год.
Красавік сушыць – нічога з зямлі не рушыць.
У красавіку дождж праходзіць, сонца грэе – тады ўсякі не збяднее.
© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2026
Крыніца: Кабінет-музей беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта БДУ
У праваслаўным календары 2026 года Вербная нядзеля прыпадае на 5 красавіка, пасля якой пачынаецца Страсная сядміца: Вялікі панядзелак – 6 красавіка, Вялікі аўторак – 7 красавіка, Вялікая серада – 8 красавіка, Вялікі чацвер – 9 красавіка, Вялікая пятніца – 10 красавіка, Вялікая субота – 11 красавіка. Самае галоўнае свята – Вялікдзень – адзначаецца 12 красавіка, а Радаўніца, традыцыйны дзень памінання продкаў, прыпадае на 28 красавіка, у другі аўторак пасля Пасхі.
Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.