Інтэлектуальны турнір «Знаўцы беларускага побыту» стаў сапраўдным падарожжам у свет традыцый, рамёстваў і штодзённага жыцця нашых продкаў. Госці, навучэнцы 9-ых класаў Мінскай сярэдняй школы, якіх сустракалі дзве гаспадыні, адразу траплялі ў атмасферу беларускай даўніны – з яе цёплай хатняй утульнасцю, майстэрствам народных умельцаў і павагай да працы, што перадавалася з пакалення ў пакаленне.
Беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – гэта жывая гісторыя народа. У ім адлюстраваны і густ, і вопыт, і душа беларусаў. На выставе, што стала часткай турніру, былі прадстаўлены вырабы па лозапляценні, саломапляценні, лапікаваму шыццю, маляванцы, габеленапляценню – сапраўдныя прыклады таго, як традыцыі працягваюць жыць і сёння.
Асобная ўвага была нададзена ганчарству – аднаму з самых старажытных і пашыраных рамёстваў Беларусі. Госці даведаліся, як нашы продкі здабывалі гліну, ляпілі і абпальвалі посуд, якія рэчы рабілі самастойна, а якія куплялі на кірмашах. На выставе можна было ўбачыць і сучасныя ганчарныя вырабы майстроў Слуцкага раённага цэнтра народнай творчасці.
Не менш цікавай стала частка, прысвечаная пляценню. Кошыкі, люлькі, лапці, вяроўкі, саламяныя цацкі і ўпрыгожанні – усё гэта рабілася з таго, што давала зямля: лазы, саломы, лыка, ліпавай кары. Госці маглі пабачыць работы мясцовых майстроў – ад плеценых павукоў да капелюшоў і сумак.
Асобнае месца займала разьба па дрэве — мастацтва, якое патрабуе цярпення, дакладнасці і фантазіі. Гаспадыні расказалі пра асаблівасці розных парод дрэва, пра інструменты і тэхнікі, пра тое, як ствараліся лыжкі, цацкі, скарбонкі, кухонныя дошкі і іншыя рэчы, што служылі ў побыце многія гады.
Пасля знаёмства з выставай пачаўся інтэлектуальны турнір. Каманды «Этнографы» і «Краязнаўцы» спаборнічалі ў ведах пра беларускі побыт: адгадвалі прадметы, вызначалі спосабы іх вырабу, адказвалі на пытанні «Так» ці «Не так», збіралі словы па літарах, разважалі над загадкамі. Удзельнікі трымалі ў руках сапраўдныя прадметы мінулага – прасніцу, маслабойку, ступу, пранік, матавіла – і вучыліся разумець іх прызначэнне.
Асабліва яркімі сталі конкурсы, дзе трэба было адрозніць вырабы, зробленыя дзяўбаннем і разьбой, знайсці біклагу і ліштвы, адгадаць назвы «вярэні» і «дзежкі». Гульнявая форма зрабіла навучанне лёгкім і захапляльным, а атмасфера сяброўскага спаборніцтва падарыла ўсім удзельнікам добры настрой.
Завяршыўся турнір «Кошыкам загадак», дзе каманды адгадвалі прадметы па вобразных апісаннях. Гэта стала выдатным фінальным акордам – вясёлым, інтэрактыўным і пазнавальным.
У рамках інтэрактыўнай гульні прайшоў і творчы майстар-клас па роспісе шопера. Дзеці і дарослыя з задавальненнем стваралі малюнкі на экалагічных сумках, спалучаючы традыцыйныя беларускія матывы з сучасным дызайнам. Гэты момант стаў яшчэ адным доказам таго, што народная творчасць можа гарманічна жыць у сучасным свеце.
Мерапрыемства яшчэ раз паказала, што беларуская культура – жывая, глыбокая і блізкая кожнаму. А знаёмства з традыцыямі праз гульню і творчасць робіць яе асабліва цікавай і дзецям, і дарослым.
© ГУК «Слуцкі районный центр народного творчества», 2026
Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.



















