Лета дорыць нам столькі радасці і пазітыву, цяпла і яркіх святаў! Сярод іх асаблівае месца займае цудоўнае, напоўненае казачнымі сюжэтамі і таямніцамі Купалле. Гэта свята прыпадае на самы росквіт лета, калі прырода раскрывае ўсю сваю сілу, квітнее багаццем траў і кветак, дорыць чалавеку надзею, шчасце і веру ў дабро.
Непаўторнасць Купалля, шматграннасць яго абрадаў і традыцый з году ў год прыцягваюць увагу людзей, палоняць сваёй прыгажосцю і становяцца неад’емнай часткай духоўнага жыцця беларусаў.
Добрай традыцыяй культурнага жыцця жыхароў вёскі Мусічы ўжо стала правядзенне Купальскага свята, якое збірае вялікую колькасць яго аматараў. Не стаў выключэннем і 2026 год.
4 ліпеня вёска Мусічы напоўнілася музыкай, песнямі і святочным настроем. Пачалося свята з вандроўкі моладзі па вуліцах вёскі з віншаваннямі і запрашэннем усіх жыхароў далучыцца да народнага гуляння. Удзячныя аднавяскоўцы гаварылі словы падзякі, жадалі, каб народныя традыцыі і надалей шанаваліся і захоўваліся.
Асноўныя дзеі разгортваліся на пляцоўцы каля сельскага клуба. Пры ўваходзе ўсіх гасцей сустракала знахарка, якая праводзіла сімвалічны рытуал ачышчэння. З дапамогай гаючых траў і вады, што лілася праз сіта з зернем, яна здымала ўвесь негатыў, назапашаны за год.
Пасля святочных пазыўных пачалося тэатралізаванае прадстаўленне, якое распавяло пра гісторыю Купалля, яго атрыбуты і народныя традыцыі. Перад гледачамі паўстала сапраўдная казка з мясцовай моладдзю, дзедам Яўсеем, бабкай Марфай, Ведзьмай і лясной нечысцю.
Незвычайныя дзеі, напоўненыя цудамі і таямніцамі, змянялі адна адну. Самадзейныя артысты пераканаўча ўвасаблялі сваіх герояў, а кожная сцэна выклікала жывы водгук у гледачоў. Асабліва яркімі сталі танцавальная кампазіцыя «Купала на Йвана», танец лясной нечысці і Ведзьмы, гулянні сельскай моладзі, жартоўныя дыялогі дзеда Яўсея і бабкі Марфы, абрад упрыгожвання Купайлы-бярозкі, гульні-выпрабаванні для хлопцаў, сцэны зачаравання і супрацьстаяння дабра і зла, у якім перамаглі сапраўднае каханне, дружба і святло.
Госці свята актыўна далучаліся да розных купальскіх дзеяў: плялі вянкі, частаваліся традыцыйнымі прысмакамі, падтрымлівалі ўдзельнікаў апладысментамі.
Яркім упрыгожваннем свята сталі песні і танцы дзяўчат, напоўненыя магічнай сілай Купальскай ночы. Менавіта яны дапамаглі зняць закляцце Ведзьмы і атрымаць у ўзнагароду чароўную кветку папараці — сімвал сапраўднага кахання, шчасця і багацця.
Кульмінацыяй свята стала запальванне купальскага вогнішча. Закружыліся шматлюдныя карагоды, гучалі народныя песні, усе жадаючыя ўдзельнічалі ў традыцыйных забавах, гадалі і, паводле старадаўняга звычаю, скакалі праз агонь.
Гледачы былі ў захапленні ад убачанага і пачутага. Яны дзякавалі арганізатарам і самадзейным артыстам за пераканаўчае выкананне роляў, цёплую атмасферу і магчымасць яшчэ раз дакрануцца да жывых народных традыцый.
Свята сабрала вялікую колькасць жыхароў і гасцей. Яно захапіла сваёй яркасцю, маштабнасцю і незвычайнай атмасферай, яшчэ раз пацвердзіўшы, што Купалле жыве не толькі ў народнай памяці, але і ў сэрцах людзей, якія беражліва захоўваюць духоўную спадчыну сваіх продкаў.
© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2026
Марына ДУРЫЦКАЯ, загадчык Мусіцкага сельскага клуба
Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.













