Хай лета звонкае смяецца: як вёска Клешава святкуе свой дзень

Лета спявае на поўную сілу, дасягнуўшы свайго эпагею. Радуюць багаццем агароды, на ўсе лады гучыць птушыны хор, убіраецца хлеб, рыхтуюцца кармы жывёле. Работа кіпіць! Але нават у напружаным рытме сельскага жыцця ёсць месца святу, якое дорыць адпачынак, натхненне і прыгажосць.

18 ліпеня 2026 года ў вёсцы Клешава адбылося свята выхаднога дня «Хай лета звонкае смяецца!». Яно сабрала шматлікіх жыхароў і гасцей з навакольных вёсак і стала шчырым прызнаннем у любові да роднага куточка зямлі, да дарагой Бацькаўшчыны з яе багатай гісторыяй і цікавымі чалавечымі лёсамі.

Ганаровымі гасцямі свята сталі паважаныя жыхары Клешава: былы старшыня гаспадаркі Сыцько Антон Аляксандравіч, які доўгі час узначальваў яе і шмат зрабіў для росквіту; ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна, ветэран працы Галіна Аляксандраўна Касымакунава — цудоўны чалавек і прывабная жанчына. Прысутныя цёпла сустрэлі яе выступленне, падчас якога яна павіншавала ўсіх са святам і выказала шчырыя словы падзякі людзям, з якімі працавала і дзяліла радасць перамог.

Асабліва кранулі словы Галіны Аляксандраўны ў адрас Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з якім ёй давялося сустрэцца асабіста. Яна дзякавала за годнае жыццё ў роднай Беларусі і, галоўнае, за мірнае неба над галавой.

На свяце ўшанавалі самую старэйшую жыхарку вёскі — Марыю Іванаўну Пратасевіч, якой споўнілася 92 гады; самую малодшую — шасцімесячную Дзіяну Бабінскую; а таксама сям’ю Васілія Ігаравіча і Галіны Мікалаеўны Сурко за дасягнутыя поспехі ў добраўпарадкаванні падвор’я.

Усім адзначаным уручылі дыпломы і каштоўныя падарункі, а для іх прагучалі музычныя нумары.

Пасля ўрачыстай часткі адбыўся святочны канцэрт. Гучалі душэўныя песні, дасціпны гумар артыстаў, захапляльныя танцавальныя рытмы. Канцэртная праграма нікога не пакінула абыякавым: людзі падпявалі, танцавалі, весяліліся і шчодра адорвалі артыстаў бурнымі апладысментамі.

Свята ўдалося. Вакол панавала атмасфера радасці, вяселля і задаволенасці. Людзі адпачылі, атрымалі мноства станоўчых эмоцый і выказвалі пажаданне хуткай сустрэчы.

Добрае надвор’е таксама спрыяла святочнаму настрою: сінеча бяздоннага неба, подых свежага ветрыка, прыемны пах кветак і травы напаўнялі наваколле і рабілі дзень асабліва светлым.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Спецштемпель «100 лет со дня рождения В.С. Садина»

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2026
Марына ДУРЫЦКАЯ, загадчык Мусіцкага сельскага клуба

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.