«Лета звонкае, гучней спявай!» — як Ветка праводзіла жнівень

Развітальную песню спявае лета. Яно адыходзіць, пакідаючы пасля сябе цёплыя вечары, яркія ўражанні і шчодрыя дарункі. А разам з ім завяршаецца і сезон святаў вёсак, якія на працягу лета ладзіў Мусіцкі сельскі клуб. Яго фінальным акордам стала свята выхаднога дня ў вёсцы Ветка — «Лета звонкае, гучней спявай!».

Свята сабрала вялікую колькасць жыхароў вёскі і яе гасцей. Яно стала не проста нагодай для сустрэчы і вясёлага адпачынку, а сапраўдным гімнам роднаму краю і малой радзіме, яе гісторыі, бацькоўскай хаце, беларускай жанчыне і чалавеку працы. Менавіта людзі сваёй штодзённай стваральнай працай пішуць новыя старонкі летапісу роднай зямлі, робяць вёску прыгажэйшай і ствараюць яе будучыню.

Адной з самых цёплых частак свята стала ўшанаванне жыхароў Веткі. Самаму старэйшаму жыхару вёскі — Бранаўцу Івану Іванавічу — споўнілася 94 гады. Самай малодшай удзельніцай гэтага своеасаблівага сямейнага летапісу стала двухгадовая Клікоцкая Таццяна. Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі і ў адрас сям’і Сяргея Віктаравіча і Аксаны Аляксандраўны Касцюк, чый падворак захапляе багаццем і прыгажосцю разнастайных кветак. Усім адзначаным уручылі дыпломы і каштоўныя падарункі, а ў іх гонар прагучалі музычныя нумары.

Пасля ўрачыстай часткі пачаўся святочны канцэрт. Песні і танцы напоўнілі наваколле музыкай, а гледачоў захапіла атмасфера сапраўднага народнага свята. Людзі падпявалі артыстам, танцавалі, весяліліся ад душы. Кожнага ўдзельніка канцэрта сустракалі бурнымі апладысментамі, дзякавалі за выступленні і дарылі кветкі.

Свята прайшло на адным дыханні. На тварах людзей свяціліся радасць і цеплыня, а галоўнай яго асаблівасцю стала атмасфера ўсеагульнай еднасці. Жыхары і госці шчыра дзякавалі арганізатарам за цудоўны вечар і выказвалі пажаданне, каб такія сустрэчы абавязкова працягваліся.

А над Веткай тым часам ціха апускаўся цёплы жнівеньскі вечар. На небе загараліся першыя зоркі, і здавалася, што ўсё вакол гарманічна злілося ў адно — чалавек і прырода, мінулае і сучаснасць, песня і родная зямля.

Так прыгожа завяршыўся летні сезон святаў вёсак. І пакуль гучыць песня, пакуль людзі збіраюцца разам і беражліва захоўваюць памяць пра сваю малую радзіму, жыве і сама вёска.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Работники культуры вышли в поля: помощь сельскому хозяйству

Няхай жывуць святы, якія аб’ядноўваюць людзей, узбагачаюць іх духоўны свет і напаўняюць жыццё дабром!

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2026
Марына ДУРЫЦКАЯ, загадчык Мусіцкага сельскага клуба

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.