«Будзь багаты, як восень!»: свята «Багач» у Казловiцкiм доме культуры

Восеньскае свята ўраджаю «Багач» — адно з самых значных і ўлюблёных у беларускім народным календары. Яно сімвалізуе сканчэнне збору ўраджаю, падзяку зямлі і павагу да працы хлебароба. Менавіта таму працаўнікі Казловіцкага сельскага дома культуры правялі для выхаванцаў дзіцячага садка і малодшых школьнікаў пазнавальную імпрэзу, прысвечаную гэтаму старажытнаму абраду.

Гэтае свята традыцыйна адзначалася з наступам восеньскага раўнадзенства, калі палі і сады ўжо пуставалі, а ўраджай быў паспяхова сабраны. Назва звязана з галоўным атрыбутам абраду — «багачом», ці «лубком»: адмысловым кошыкам, у які кожная сям’я прыносіла па жмені жыта, абмалочанага з першага снапа.

У гэты дзень людзі дзякавалі прыродзе за шчодрыя дарункі і прасілі дабрабыту на наступны год. «Будзь багаты, як восень!» — казалі нашы продкі. Лічылася, што «Багач», які захоўваўся ў покуці хаты, служыць моцным абярэгам для сям’і і закладам будучага дастатку.

Вось і мы, творчы калектыў Казловіцкага сельскага Дома культуры, у вобразах Багача і Гаспадыні падрыхтавалі для дзяцей займальнае падарожжа ў свет народных традыцый. Мы расказалі юным гледачам гісторыю і глыбінны сэнс свята, паказалі традыцыйны ўрачысты сноп, упрыгожаны кветкамі і каляровымі стужкамі. А затым гэтае падарожжа працягнулася ўжо сярод вучняў Казловіцкай школы.

І ў дзіцячым садку, і ў школе дзеці не проста слухалі аповед, але і знаёміліся з народнымі прыкметамі, вучыліся шанаваць нялёгкую працу хлебаробаў. Школьнікі ж сталі не толькі ўважлівымі гледачамі, але і паўнавартымі ўдзельнікамі даўнейшага абраду.

Дзеці даведаліся, як даўней у лубок збіралі жыта з усёй вёскі, устаўлялі і запальвалі свечку, што сімвалізуе сонца, а потым з запаленай свечкай урачыста абыходзілі ўсю акругу. Кульмінацыяй сустрэчы сталі народныя танцы, песні і гульні, а таксама частаванне сакавітымі беларускімі гасцінцамі.

Такія сустрэчы дапамагаюць юнаму пакаленню адчуць прыгажосць роднай культуры, зразумець яе вытокі і ацаніць багатую спадчыну сваіх продкаў. Бо захоўваць свае карані — значыць мець моцную будучыню.

 © ГУК «Слуцкий районный центр народного творчества», 2026
Алена КУСАВА, культарганiзатар Казловіцкага сельскага дома культуры

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Музыка, радость и тепло сердец в Поповцах

 

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.