На жыццевым і прафесійным шляху

На жыццевым і прафесійным шляху Таццяны Мікалаеўны Лістапад Квасыніцкі цэнтр раместваў дзяржаўнай установы культуры «Слуцкі раенны цэнтр народнай творчасці» стаў яе другім домам. Пасля заканчэння ў 1996 годзе Вышэйшага прафесійнага вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па спецыяльнасці вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі Таццяна Мікалаеўна прыйшла на працу ў Квасыніцкі цэнтр раместваў кіраўніком дэкаратыўна-прыкладнога гуртка, пасля была пераведзена на пасаду майстра па ганчарству, з 2020 года – майстар народных мастацкіх раместваў.

Таццяна Лістапад валодае чарадзейным дарам – ператварае простую гліну ў сапраўдныя творы мастацтва. Яе рукі «ажыўляюць» халодны матэрыял, напаўняючы яго цеплыней і душой. Майстар двадцаць восем гадоў сябруе з глінай. Яе вырабы адрозніваюцца багатай фантазіяй, мастацкім густам. Кожны выpaб нe тoлькi мaе пpaктычнae пpызнaчэннe, aлe i няcе ў дoм пpыгaжocць, утульнасць, нaдaе жыллю cвoeacaблiвы кaлapыт. Дасканала асвоіўшы тэхніку апалу керамічных вырабаў, майстар стварае не толькі посуд, але і гліняныя цацкі, цацкі-бразготкі, дэкаратыўныя сюжэтныя кампазіцыі, якія яднаюцца ў адну тэматычную замалёўку. У сюжэтных кампазіцыях адчуваецца любоў да фальклору.

Усе, што трэба для вырабу керамічных вырабаў – круг, нож (шналь), дрот з дзвюма ручкамі для зразання вырабу з ганчарнага круга, паралонавая губка, скрабок і гліна. А яшчэ цёплыя, любячыя гэтую працу рукі і добры настрой. Працэс стварэння ганчарных вырабаў пачынаецца з дастаўкі гліны ў майстэрню. Там гліну майстар залівае вадой, перамінае ўручную, вызначае патрэбную вільготнасць і пластычнасць. Пасля таго, як гліна дасягае патрэбнай шчыльнасці, кансістэнцыі густога цеста і перастае прыліпаць да рук, яе шчыльна зачыняюць і даюць «даспець» або вылежацца. Далей гліну неабходна «перабіць».

Акрамя традыцыйнага вырабу посуду (міскі розных формаў і памераў, кубкі, амфары) майстар у сваіх працах умела выкарастоўвае кальцавы налеп – укладка па спіралі гліняных «каўбасак». Посуд упрыгожваецца шпампаваным ці драпаным арнаментам: квадратамі, ромбамі, крыжыкамі, рыскамі, што чаргуюцца з вузкімі паяскамі з насечак і наколаў. Для надання ганчарным вырабам неабходнай шчыльнасці, іх майстра абпальвае пасля сушкі ў печы, а потым праводзіць малачэнне (выраб паліваецца або апускаецца ў малако). Пасля таго, як малако прапітала сценкі, выраб сушыцца, потым змяшчаецца ў гарачую печ. Лістапад Т.М. з павагай адносіцца да спадчыны продкаў, не толькі адраджае здабытыя тэхналогіі, але і перадае іх наступным пакаленным.

Пры народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Крылы творчасці» Квасыніцкага цэнтра раместваў працуе майстэрня па працы з глінай «Збаночак», дзе Лістапад Т.М. перадае свой вопыт падрастаючаму пакаленню. Вучань Таццяны Мікалаеўны Дзмітрый Чухольскі на III адкрытым фестывалі керамічнай цацкі «Гліняны цуд» (г. Салігорск, 2023 год) узнагароджаны дыпломам лаўрэата I ступені ў намінацыі «Гліняная цацка-бразготка», а на абласным конкурсе «Беларуская лялька» (г. Слуцк, 2023 год) дуэт майстара з пляменнікам атрымалі дыплом у намінацыі «Лепшы сямейны калектыў-удзельнік конкурсу».

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  День деревни Омговичи

Штогод майстар ладзіць выставы, якія суправаджаюцца майстар-класамі ў цэнтры раместваў, галерэі мастацтваў г. Слуцка, установах адукацыі Слуцкага раена. Майстар і яе вучні – пастаянныя ўдзельнікі выставаў нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі ў г. Маладзечна, рэспубліканскага свята «Александрыя збірае сяброў», абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі», на мемарыяльным комплексе «Курган Славы» і іншых. За 2022–2024 годы майстар прыняла ўдзел з выставамі і майстар-класамі ў абласным прафсаюзным турыстычным форуме «Адчыні Беларусь», рэспубліканскім фестывалі гумару «Аўцюкі – 2023», міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца года» (г. Орша, г. Слуцк) і іншых.

Майстар неаднаразова ўзнагароджана дыпломамі розных ступеняў. Сярод іх:

V адкрытае рэгіянальнае свята-конкурс «Велікодная пісанка» (г. Стаўбцы, 2018 год). Узнагарода: намінацыя «Лепшая пасхальная кампазіцыя»;
IVабласное свята-конкурс «Беларуская лялька» (г. Слуцк, 2019 год). Узнагарода: дыплом I ступені «За лепшую ляльку з керамікі»;
абласное свята-конкурс «Гліняны звон» (г.п. Івянец, 2019 год). Узнагарода: дыплом «За лепшае кампазіцыйнае вырашэнне твора ў тэхніцы беларускай керамікі»;
абласное свята-конкурс «Гліняны звон» (г.п. Івянец, 2022 год). Узнагарода: дыплом I ступені «За лепшы выраб дэкаратыўнай глінянай цацкі»;
Vабласное свята-конкурс «Беларуская лялька» (г. Слуцк, 2023 год). Узнагарода: дыплом I ступені «За лепшую ляльку з керамікі»;
адкрыты фестываль-выстава керамічнай цацкі «Гліняны цуд» (г. Салігорск, 2019 год). Узнагарода: дыплом лаўрэата I ступені ў намінацыі цацкі-макеты;
адкрыты фестываль-выстава керамічнай цацкі «Гліняны цуд», (г. Салігорск, 2023 год). Узнагарода: дыплом лаўрэата I ступені ў намінацыі «Дэкаратыўная гліняная пластыка» у катэгорыі «Майстар-педагог».

За творчую дзейнасць і добрасумленную працу, прафесіяналізм майстар народных мастацкіх раместваў Лістапад Т.М. узнагароджана Падзякай Слуцкага раеннага выканаўчага камітэта (2018 г.), Ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта (2019, 2022 гг.), Мінскай гарадской арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інформацыі, спорту і турызму (2024 г.).

Творы Таццяны Мікалаеўны напоўнены сонечным святлом, водарам роднай зямлі і цеплыней таленавітых рук. А новыя ідэі і праекты – пастаянныя спадарожнікі яе творчасці.

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2024
Алена ВАРАБЕЙ, намеснік дырэктара

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Сегодня, в преддверии Дня работников культуры, специалисты нашего Центра получили заслуженные награды

 

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.