Апошні месяц восені, адзінаццаты – года, меў старабеларускаую назву грудзень (ад слова «груды» ў значэнні «замёрзлая зямля»). Сучаснае беларускае найменне лістапад тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў (таксама ва ўкраінцаў листопад, палякаў і чэхаў listopad). Рускі ноябрь, балгарскі ноември, нямецкі, вянгерскі, славацкі nowember утрымліваюць агульную лацінскую аснову novem (дзевяць). У старажытнарымскім календары november – дзявяты.
У пачатку лістапада адлятаюць апошнія чароды качак, дрэвы стаяць ужо амаль без лісця, з`яўляюцца туманы. Вёска на нейкі час вызваляецца ад сельскагаспадарчых работ. Дары асенняга поля і лесу ўжо добра ўладкаваны ў склепах і кладоўках. Самы час успомніць тых апекуноў, якія спрыялі земляробу, і, у першую чаргу, продкаў, «дзядоў». Багаты стол запрашае сватоў парадніць сваіх дзяцей. А вечары, што сталі даўжэйшымі, нагадваюць жанчынам аб кудзелі і піліпаўскіх вячорках. Як звычайна, назіранні селяніна накіраваны на стан прыроды, паводзіны жывёлы, птушак, па якіх ён вызначае будучае надвор`е. Неба ўсю ноч чыстае, але вакол месяца з`явіліся вялікія кругі – будзе мароз; калі ж кругі гэтыя злёгку пачырванеюць – магчыма, нават снегапад з ветрам. Калі дым з коміна падымаецца вертыкальна ўверх, няхай сабе і ў непагадзь, хутка надвор`е наладзіцца.

1/19. Усе Святыя. Памінальны дзень у беларусаў-католікаў. «Усе святыя як засваволяць – дрэвы да рэшты аголяць». Варылі кашу, ставілі на стол стакан вады, клалі хлеб і столькі лыжак, колькі ў хаце «дзядоў» (памерлых продкаў). Дзень Усіх Святых (Odnissanti – італьян.) быў уведзены ў 610 годзе папай Баніфацыем ІV і прызначаны на 13 мая. У ІХ стагоддзі папа Грыгорый ІV перанёс яго на 1 лістапада. А ў 998 годзе (ці ў 1030 г.) было ўведзена яшчэ адно свята – дзень памяці памерлых (2 лістапада). Яны зліліся ў адно – «святыя і памерлыя» (santi e morti – італьян.).
2/20. Задушны дзень. Працяг памінальных дзён у католікаў.
Асяніны (Змітраўка, Змітравы Дзяды, Казанскія Дзяды, Мясніцы). Памінальны дзень перад Змітрам (пятніца). Гаспадар заклікаў «дзядоў» за стол сесці такімі словамі:
Святыя дзяды завём вас,
Хадзіце да нас!
Ёсць тут усё, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькі хата багата.
Святыя дзяды! Просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас.
А выпраўляючы душы памерлых продкаў гаварыў:
Святыя дзяды
Зляталісь сюды,
Есці – пад`елі,
Піць – напіліся,
Чэсць і слава вам!
Цяпер скажыце нам,
Чаго вам трэба?
А лепей:
Ляціце ў неба!
Пра гэтыя дні таксама казалі: «Жылі дзяды – не бачылі бяды, а ўнукі набраліся мукі», «Ад Змітраўкі да Юр`я ваўкі ядуць усё, што толькі трапіцца, і нападаюць на ўсякую жывёлу без разбору».
Змітрава (Памінальная, Радзіцельская, Тоўстая) субота. Працяг Асянін. Старадаўнія язычніцкія традыцыі ўшанавання душ продкаў зліліся з хрысціянскімі днямі памінання памерлых («усопшых»), якія адзначаюцца ў праваслаўных сем разоў на год. Першая паніхіда праваслаўнай Змітраўскай бацькоўскай суботы была праведзена ў Троіцкім манастыры прападобным Сергіем Раданежскім у прысутнасці Дзмітрыя Данскога 2 лістапада 1380 года па воінах, якія загінулі на Куліковым полі.

4/22. Казанская. «Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца». У праваслаўным царкоўным календары – святкаванне Казанскага абраза Божай Маці (у памяць выратавання Масквы і Расіі ў 1612 г.). Гэта быў смутны час для Расіі, калі Польскае каралеўства ў саюзе з Вялікім княствам Літоўскім пастаўляла на царскі прастол «лжэдзмітрыяў» і нават завалодала сталіцай. Апалчэнцам Дзмітрыя Пажарскага быў прысланы з Казані цудатворны абраз Прасвятой Багародзіцы, які, па прадбачанні святога Арсенія, павінен заступіцца за рускае войска, што вызваліць Маскву. Беларускі народны каляндар, як і рускі, нічога не згадвае пра гісторыю. За прысвяткам замацаваліся цікавыя народныя назіранні. Да Казанскай – не зіма, а пасля – не восень; зранку – дождж, звечара – снег. На Казанскую дождж пойдзе – зіму прывядзе. Выязджай на Казанскую на калёсах, але палазы з сабой прыхапі. «Што Казанская пакажа, тое й зіма скажа».
8/26. Зміцер (Змітрок, Дзмітры). «Хітры» дзень, канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе. Адлюстраваны ў прымаўках: «Да Дзмітра – дзеўка хітра, а па Дзмітры – мужчыны хітры», «Да Змітра пасуць, а па Змітру пільнуюць». На Змітра не пралі, не ткалі і ў полі не працавалі. Змітраў дзень параўноўваюць у прыродных прыкметах з Вялікаднем і іншымі святамі. «Змітрок па снегу – і Вялікдзень па снегу, а Змітрок голы – і Вялікдзень таксама».
10/28. Параскі (Параскева Пяценка, Параскеўя Пятніца, Параскімка, Параскі Асеннія). Дзень забароны прадзення і ткання; заступніца жанчын і сям`і, апякунка жаночага рукадзелля. Існавалі павер`і: хто будзе прасці, то з-пад печкі вылезе Пятніца і пакарае; яна ў выглядзе старой бабы ходзіць па вёсках і строга глядзіць, каб ніхто не праў кудзелю ў пятніцу. Царква да гэтага дня прыстасавала святкаванне святой Параскевы Пятніцы – велікапакутніцы, якая жыла ў ІІ стагоддзі ў Іконіі. Папулярнасць Параскевы Пятніцы праяўляецца не толькі ў шматлікіх легендах, але і ў народным мастацтве (іканапісе, вышыўцы, ткацтве). Адчуваецца, што за яе вобразам стаіць больш ранні язычніцкі культ. Акадэмік Б. Рыбакоў лічыць, што «маці ўраджаю», «багіня жыццёвага дабрабыту і дастатку» з`яўляецца Макаша. «На працягу сярэдневякоўя адбывалася адцясненне Макашы хрысціянскай Багародзіцай і замена ёю старажытнай язычніцкай багіні. Культ Макашы пераўтварыўся ў культ хрысціянскай Параскевы Пятніцы» (Рыбаков Б. Язычество Древней Руси. М., 1988).
14/1. Кузьма-Дзям`ян (Кузьмінкі). Апякун земляробства і вяселля. Існуюць паданні пра кавалёў Кузьму і Дзям`яна, якія змагаліся са змеем. У некаторых раёнах на Кузьмінкі святкавалі першую сустрэчу зімы, што адлюстравана ў прыкметах: «Не закаваць зіме раку да Кузьмы», «Калі Кузьма закуе, дык Міхайла раскуе». Як паказваюць іншыя фальклорныя матэрыялы, кавалі з`яўляюцца сімвалам шлюбу і сям`і. Аб апякунстве хрысціянскага шлюбу распавядаюць і царкоўныя жыццеапісанні святых братоў Касьмы і Даміяна Асійскіх (ІІІ ст.), якія нават пасля смерці сваёй дапамагалі жанчыне, якую хацеў абняславіць зладзей. Акадэмік Б. Рыбакоў нездарма выказвае меркаванне, што дахрысціянскім імем чараўніка-каваля мог быць Сварог, або Сварожыч-агонь.
Піліпаўскія запускі (да 27 снежня). Апошнія дні перад Піліпаўкай.
21/8. Міхайлаў дзень (Міхаіл, Міхайла Архайла, Міхаіл Страхадзёр). Апошняе свята года; абаронца ад грому. Унукі ў гэты дзень наведвалі сваіх бабуль. У народзе бытуе: да Міхайла трэба выткаць адны кросны, другія – у Піліпаўку, трэція – у Мясаед, а чацвёртыя – у пост. Са святам звязана і пацяпленне, так званыя Міхайлавы адлігі: «На Міхайлу раздарожжа – да зімовага Міхайлы шляху не будзе». Як і 19 верасня, так і ў гэты дзень Міхайла асацыіруецца з цудамі прыроднай стыхіі – громам і вятрамі. Народны вобраз мае сувязь з днём хрысціянскай памяці Сабора Архістраціга Міхаіла і іншых нябесных сіл. Архістраціг Міхаіл за свае подзвігі і цуды пастаўлены Госпадам Богам галоўным над усімі ангельскімі чынамі. На абразах ён малюецца з зялёнай фінікавай галінкай у левай руцэ, а ў правай – з кап`ём ці мячом і белай харугвіяй.
Піліпаўскія дзяды. Памінальны дзень перад Піліпаўкай у пятніцу і суботу (Заходняе Палессе).
Піліпаўскія (Піліпавы, Калядныя) запусты (заговіны). Дзень перад Піліпаўкай. Клікалі ў госці бабу, што «пупы вяжа». Жанчыны заканчвалі апрацоўку льну, канапель, рыхтаваліся да піліпаўскіх вячорак. З запустамі звязана нямала прыкмет: «Калі непагадзь суправаджае Калядныя запусты, то можна разлічваць на ўраджайнае лета».
28/15. Піліпаўка (Калядны, Піліпаўскі пост). Шасцітыднёвы перадкалядны пост (да 7 студзеня). Не елі скаромнага. Не рабілі вяселляў. Дзяўчаты хадзілі на вячоркі. Гаварылі: «У Піліпаўку дзень да палудня». Заўважалі, калі на Піліпаўку надвор`е хмарнае або снежнае, то травень будзе мокры. Гэтая зімовая пара пераклікаецца з адпаведнай вясноваю: «Калі добра пагода будзе на Піліпаўку, то добра будзе і на Пятроўку». Лічылася, што ў Піліпаўку збіралася «воўчае вяселле», хадзілі ваўкі зграямі.

Лістапад – вераснёўскі ўнук, кастрычнікаў сын, зіме бацюхна родны.
У лістападзе гола ў садзе.
Лістапад-паўзімнік: мужык з калёсамі развітваецца, у сані перабіраецца.
Лістапад снегу навее – хлеба прыбудзе, а вада разальецца – сена набярэцца.
© ГУК «Слуцкий районный центр народного творчества», 2025
Крыніца: Кабінет-музей беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта БДУ
Фота – Уладзімір Хвораў
Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.