Сёння ў Слуцкім раённым цэнтры народнай творчасці адбылося цудоўнае свята Вялікадня для вучняў 3-х класаў сярэдняй школы №9 горада Слуцка. У зале панавала атмасфера радасці, цеплыні і чакання цуду – менавіта так, як бывае ў сапраўднай вясковай хаце на світанку Вялікадня. Дзеці разам з дарослымі перажылі велікодную гісторыю, напоўненую традыцыямі, песнямі, гульнямі і добрым настроем.
Падчас мерапрыемства ўдзельнікі апынуліся ў ролі гасцей у вясковай хаце, дзе гаспадыня вярталася з царквы з кошыкам, поўным фарбаваных яек і духмяных пірагоў. Яна вітала ўсіх словамі «Хрыстос уваскрэсе!», а дзяўчынка Марылька адказвала: «Ваісціну ўваскрэсе!». Гучалі словы малітвы, а пасля гаспадыня паказвала, як у Вялікдзень рыхтуюць ваду для ўмывання з асвячонага яйка, каб ачысціцца ад нягод і сустрэць новы дзень з чыстымі думкамі і светлым сэрцам.
Дзеці даведаліся, што Вялікдзень – гэта не толькі свята ўваскрашэння Хрыста, але і сімвал абуджэння зямлі, сонца і жыцця. Гаспадыня расказвала пра традыцыі фарбавання яек і легенду пра Марыю Магдалену, якая падарыла імператару яйка, што пачырванела на вачах – знак веры і цуду. Усе з цікавасцю слухалі пра даўнія абрады, калі валачобнікі хадзілі па хатах, спявалі песні, віншавалі гаспадароў і атрымлівалі ў падарунак яйкі, сыр і булкі.
Падчас свята гучалі валачобныя песні «Хрыстос васкрос» і «Валачобныя – людзі добрыя». У залу заходзілі «валачобнікі» – жанчыны-суседкі, якія віншавалі гаспадыню і дзяцей, жадалі здароўя, дастатку і шчасця. Яны жартавалі, спявалі і запрашалі ўсіх да гульняў. Асабліва весела прайшлі гульні «Чароўнае яйка», «Пакруці яйка», «Доўгажыхар» і «Біткі». Кожны ўдзельнік мог паспрабаваць сваю ўдачу, каціць яйка, круціць яго або змагацца ў «яйкавых баёх». Смех і радасць напаўнялі залу, а дзеці з захапленнем удзельнічалі ў кожнай забаве.
Гаспадыня частавала ўсіх велікоднымі прысмакамі – пірагамі, яйкамі і салодкімі налестнікамі. У канцы свята яна падзякавала гасцям за ўдзел, пажадала моцнага здароўя, поспехаў у вучобе і запрасіла зноў завітаць у Слуцкі РЦНТ. Дзеці развітваліся з усмешкамі, несучы дадому частку святла і радасці Вялікадня.
© ГУК «Слуцкий районный центр народного творчества», 2026
Наталля КУХТА, вядучы метадыст
Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.









