Шмат пачуццяў і перажыванняў выклікаюць успаміны аб сваім творчым шляху ў кіраўніка народнага ансамбля «Слуцкія паясы» Лучнікоўскага цэнтра культуры Слуцкага раёна Васіля Яфімавіча Шусцікава. У 2019-м яму споўнілася 75 гадоў, 60 з іх маэстра аддаў творчай дзейнасці.
Хлопчык з Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці адрозніваўся ад сваіх аднагодкаў – быў рамантычны, зачараваны музыкай. Пасля сямігодкі праўленне калгаса накіравала яго на курсы баяністаў пры Магілёўскім музычным вучылішчы, свае першыя песні ён напісаў у 15 гадоў.
Працаваць ён пачаў у 16 гадоў на пасадзе акампаніятара клуба торфапрадпрыемства «Дняпроўскае». Скончыў Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча, Мінскі інстытут культуры. Актыўны, цікаўны, акрылёны творчым пошукам Васіль Яфімавіч умеў натхніць, запаліць сваім жарам сэрцы гледачоў і тых, хто з ім працаваў. Калектывы ўстаноў культуры пад яго кіраўніцтвам радавалі інавацыйнымі падыходамі да рэалізацыі творчых задач, насычаным і разнастайным рэпертуарам. Калектыў Абідавіцкага сельскага Дома культуры Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці, які Васіль Шусцікаў узначальваў 17 гадоў, выклікаў на сацыялістычнае спаборніцтва культустановы краіны. Калегія Міністэрства культуры БССР і камітэт прафсаюзаў адобрыў ініцыятыву. Па выніках спаборніцтва калектыў Абідавіцкага СДК прызналі пераможцам. Васіля Яфімавіча ўзнагародзілі медалём «За трудовое отличие», а Дом культуры атрымаў аўтобус «Чарнігавец» і шафёра.
За добрасумленную працу Васіля Шусцікава ў 1977 годзе ўзнагародзілі другой Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Актыўны ўдзельнік Усесаюзнай пераклічкі сельскіх клубаў, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Леніна. У складзе дэлегацыі Міністэрства культуры БССР прысутнічаў на Усесаюзнай нарадзе пераможцаў пераклічкі, якую вяла Кацярына Фурцава. Па яе выніках Васіль Яфімавіч атрымаў дыпломы Міністэрства культуры СССР, ЦК ВЛКСМ, газеты «Правда», камітэта па радыё і тэлебачанні, а таксама медаль «За доблестный труд», Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР. У 1983 годзе ўдзельнічаў у Днях культуры Савецкага Саюза ў Рэспубліцы Куба ў складзе афіцыйнай дэлегацыі Міністэрства культуры СССР як прадстаўнік ЦК КПСС.
Як адзначыў маэстра, асаблівае месца ў яго творчасці і працоўнай дзейнасці займае «лучнікоўскі» перыяд, які працягваецца амаль 30 гадоў. На пасаду дырэктара Слуцкага РДК ён атрымаў прызначэнне ў 1989 годзе.
Першапачатковай марай маэстра было стварэнне творчага калектыву, які б адрозніваўся ад тых, што былі на Случчыне. Праект рэалізаваўся сумесна з балетмайстрам Уладзімірам Багуновым, і ў 1990-м з’явіўся ансамбль песні, танца і музыкі «Случчанка». Калектыў прымаў удзел у абласных і міжнародных святах. У 1993-м яму прысвоена ганаровае званне «народны», і ён стаў называцца «Слуцкія паясы». У 2007 годзе занесены ў «Беларускую энцыклапедыю імя Петруся Броўкі».
Васіль Яфімавіч некалі зазначыў: «Без баяна, песні і дня пражыць не магу. Музыка спакою не дае, ансамбль патрабуе вялікіх творчых намаганняў. Адны толькі партытуры колькі часу патрабуюць! Стварэнне, апрацоўка па інструментах, галасах – гэта цэлы ланцужок творчага карпення за сталом. А яшчэ ёсць арганізацыйныя турботы. Канечне, не абыходзіцца без праблем, але мяне гэта ніколі не палохала».
Васіль Шусцікаў ганарыцца ўзнагародамі за добрасумленную працу. За асабісты ўклад у развіццё культуры ўзнагароджаны ганаровым знакам і ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага аблвыканкама, ЦК прафсаюза работнікаў культуры і іншымі.
– Усё, што рабіў раней, раблю і зараз для людзей, – запэўнівае Васіль Яфімавіч, – і не перастаю радавацца, што займаюся справай, якой прысвяціў усё жыццё!
Васіль Шусцікаў удзельнічае і ў канцэртах у складзе народнага ансамбля – іграе на баяне, гармоніку, спявае. Ім напісана шмат інструментальных п’ес, песень і вершаў. Зараз прызнаны дзеяч культуры рыхтуе да выдання аўтарскі зборнік «Спявай, маё сэрца, спявай…».
Дык няхай жа ў яго душы нараджаюцца новыя мелодыі і песні – цёплыя, трапяткія, як душа артыста.
Анжэліка КУЧЫНСКАЯ
Мiнская праўда. 14 студзеня 2020 г.
Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.