Добры вечар, шчодры вечар, добрым людзям на здароўе!

Адно з самых любімых святаў беларусаў – Каляды. Іх пачынаюць святкаваць у ноч Хрыстова Нараджэння. Вечар з 13 на 14 студзеня вядомы пад назвай «Шчадрэц» (Шчодры вечар) – адно са свят каляднага цыкла.

Незабыўную калядную атмасферу стварыў творчы калектыў Мусіцкага селькага клуба для жыхароў аграгарадка Леткаўшчына, вёсак Мусічы і Клешава. На чале з Шчодрай (на Шчадрэц часта выбіраюць самую прыгожую дзяўчыну – Шчодру) ярка, маляўніча і з запалам, з святочнымі песнямі-шчадроўкамі, з жартамі і скокамі калядоўшчыкі хадзілі па дварах, услаўляючы гаспадароў і жадаючы ім здароўя, дабра і працвітання. Вадзілі з сабой «казу» як знак урадлівасці і дабрабыту сям’і, чым выклікалі вялікую радасць і ўдзячнасць гаспадароў, а тыя, у сваю чаргу, шчодра адорвалі калядоўшчыкаў.

Ад нашай хаты да Вашай хаты няхай iмчыць кавалак свята.
Жывiце ў шчасцi Вы ды ў згодзе, i не хварэйце ў гэтым годзе!
Хай чарка ходзiць, хай бульба родзiць,
Хай патэльня трашчыць, на ей скварка пiшчыць.
Будзьце здаровыя як дубы стогадовыя!
Са святам! Шчасця, багацця i дабрабыту!

© ДУК «Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці», 2024
Марына ДУРЫЦКАЯ, загадчык Мусіцкага сельскага клуба

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  В Слуцком районе начали ткать рушники на старинных ручных станках