Рыгор Мурашка: пісьменнік дынамічнага стылю

16 лютага 1902 года ў вёсцы Бязверхавічы на Случчыне пачаўся жыццёвы шлях Рыгора Мурашкі – аднаго з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў 1920-х – 1930-х гадоў. Пасля заканчэння двухкласнай валасной школы ў 1917 годзе ён паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Аднак праз год вучобу давялося спыніць, бо наш край акупіравалі войскі кайзераўскай Германіі, якіх пазней змянілі польскія акупанты.

Рыгор Мурашка
Рыгор Мурашка

Рыгор працаваў у маёнтку Івань, затым – на рамонце шашы, удзельнічаў у антыпольскім падпольным руху. Некаторы час служыў у арміі, у 1921 годзе яго выбралі членам Цараўскага валаснога зямельнага аддзела на Случчыне, загадчыкам хаты-чытальні ў Цараўцах (цяпер вёска Кірава). У 1926–1929 гадах ён – адказны сакратар часопіса «Бальшавік Беларусі», уваходзіў у рэдакцыю часопіса «Маладняк» і ў кіраўнічыя органы гэтага літаратурнага аб’яднання, у 1930–1933 гадах працаваў загадчыкам аддзела мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года. Пры непасрэдным удзеле Рыгора Мурашкі былі выдадзены творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Змітрака Бядулі.

Рыгор Мурашка
Рыгор Мурашка

Дачка пісьменніка Анцінея Мурашка пісала пра той час: «Як я сябе памятаю, бацькі заўсёды дапамагалі то аднаму, то другому, то трэцяму <…> Наогул дом наш заўсёды быў поўны людзей. Успамінаю, як нярэдка маці з бацькам называлі яго „Домам селяніна“. Дзядзькі і цёткі са Случчыны (маю на ўвазе не сваякоў) добра ведалі дарогу ў наш дом, і часта нашы пакоі выглядалі досыць маляўніча, калі, каб прайсці, трэба было пераступаць цераз людзей, якія спалі ўпокат».

У канцы 1930-х – пачатку 1940-х гадоў значна пагоршыўся стан здароўя Рыгора Данілавіча, што не дазваляла яму ў поўную сілу займацца літаратурнай і грамадскай дзейнасцю. Давала аб сабе знаць атрыманае ў час польскай акупацыі раненне шабляй, да гэтага дадалася раптоўная гібель васьмігадовага сына Генрыха. З-за хваробы і па некаторых іншых абставінах пісьменнік не змог эвакуіравацца перад прыходам германскіх захопнікаў у Мінск. Каб як-небудзь пракарміць сям’ю, давялося ісці на работу ў рэдакцыю калабарацыянісцкай «Беларускай газэты», дзе спачатку працаваў карэктарам, пасля рэдагаваў некаторыя матэрыялы. У гэтым выданні Р. Мурашка змясціў нарыс пра здачу Мінска Чырвонай Арміяй, уцёкі партыйнага кіраўніцтва, пачаў публікаваць і новую аповесць, але не скончыў яе. Неўзабаве ўстанавіў сувязь з падпольшчыкамі і партызанамі, забяспечваў іх звесткамі пра дзейнасць гарадской управы, біржы працы, прамысловых прадпрыемстваў, пра вываз у Германію культурных каштоўнасцяў Беларусі.

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  ГУК «Слуцкий районный центр народного творчества» на Славянском базаре - 2023

Калі над пісьменнікам навісла пагроза арышту, яму дапамаглі перабрацца ў атрад «Мсцівец» партызанскай брыгады «Разгром», якая дзейнічала ў Барысаўскім, Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах. У атрадзе Рыгор Мурашка быў камандзірам аператыўнай групы. Некаторыя крыніцы ўказваюць, што ён загінуў у красавіку 1944 года. Але ва ўзнагародным лісце да медаля «Партызану Айчыннай вайны» І ступені камандзір атрада маёр Іван Казанцаў напісаў, што Рыгор Мурашка загінуў у чэрвені 1944 года, гэты ж месяц пазначаны і ў паведамленні, якое атрымала яго жонка, Соф’я (Саламея) Емяльянаўна, з Беларускага штаба партызанскага руху 9 кастрычніка 1944 года.

Абразок «Папоўскі шлюб» – першы празаічны твор Рыгора Мурашкі, які ў 1924 годзе апублікавала газета «Савецкая Беларусь». А потым з-пад пяра пісьменніка выйшла нямала апавяданняў, якія склалі зборнікі «Стрэл начны ў лесе» (выдадзены ў 1926 годзе), «У іхнім доме» (1929), «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934). Гэты перыяд творчасці Рыгора Мурашкі ўнутрана супярэчлівы: у шэрагу твораў мы бачым спагаду і павагу да чалавека, у іншых – аўтар не хавае класавай нянавісці да багатага, заможнага. Максім Гарэцкі ў кнізе «Маладняк за пяць гадоў. 1923–1928», выдадзенай у Мінску ў 1928 годзе, так напісаў пра нашага земляка: «Творы Мурашкі задуманы і напісаны заўсёды цікава. Стыль вобразны і дынамічны. Часам шкодзіць не зусім схаваная ідэалагічная тэндэнцыя і ўхіл у падкрэсліванне эфектаў».

Рыгор Мурашка. Салаўі святога Палікара
Рыгор Мурашка. Салаўі святога Палікара

У 1929 годзе выйшаў у свет раман Рыгора Мурашкі «Сын», які прынёс яго аўтару шырокую вядомасць. У ім пісьменнік апісвае падзеі напярэдадні рэвалюцыі 1905 года. Галоўны герой – вясковы хлопец, які трапіў у горад, з цягам часу стаў пралетарыем-рэвалюцыянерам. Раман, з сакавітай народнай мовай і цікавымі гістарычнымі эпізодамі, стаў адным з самых папулярных у беларускай савецкай літаратуры. У 1940 годзе часопіс «Полымя рэвалюцыі» друкаваў раман «Салаўі святога Палікара» (асобнай кнігай выдадзены ў 1967 годзе). У суаўтарстве з Мікалаем Гарнічам Рыгор Мурашка напісаў кнігу «Бацька Бажэнка. Запіскі тарашчанца» (1935). У творчым набытку пісьменніка – раманы «Таварышы» (друкаваўся ў 1993 годзе ў часопісе «Полымя») і «Насуперак лёсу» (захоўваецца ў рукапісным варыянце), над якімі ён працаваў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ад сваіх першых да апошніх твораў Рыгор Мурашка прайшоў «пакутлівы шлях да праўды». Так вызначыў творчую эвалюцыю пісьменніка даследчык яго творчасці Міхась Мушынскі. На яго думку, «Рыгор Мурашка – вельмі своеасаблівы пісьменнік, са сваім бачаннем жыцця, сваім голасам, сваім стылем, характарам. Чыста пісьменніцкае і чалавечае ў ім моцна зліта. Раманы Мурашкі ўносяць новыя, шмат у чым нечаканыя штрыхі ў агульную панараму беларускай слоўнай творчасці. Мы вельмі ўдзячны гэтаму чалавеку за тое, што ён пакінуў нам раман „Таварышы“, якім можа ганарыцца любая літаратура – ангельская, французская. У рамане – глыбокая праўда жыцця».

ЕЩЁ ПО ТЕМЕ:  Работники культуры вдохновляют аграриев на трудовые подвиги

Калі ў 2002 годзе ў Бязверхавічах адзначалі стагоддзе з дня нараджэння пісьменніка, звяртаючыся да яго землякоў, літаратуразнаўца Лідзія Савік сказала: «Рыгор Мурашка – адзін з самых таленавітых беларускіх празаікаў дваццатых – трыццатых гадоў мінулага стагоддзя. Цудоўна гучыць слова Мурашкі, гэта ж вершы ў прозе. Асабліва калі ён апісвае прыроду, вясковы побыт».

А вось як характарызаваў нашага земляка яго сябар пісьменнік Мікола Хведаровіч: «Мурашка быў не асабліва гаваркі чалавек. Ён часцей слухаў і ўсё з нейкай хітрынкай усміхаўся, быццам насцярожана правяраючы самыя звычайныя размовы сяброў. Але гэта не было недаверлівасцю. Таго, хто добра ведаў Рыгора Мурашку, ён захапляў сваёй таварыскасцю, сваім чулым сэрцам <…> Ён любіў сяброўства, умеў цаніць дружбу і ніколі не пакідаў свайго таварыша ў бядзе».

Анатоль ЖУК

Если вы нашли ошибку, выделите ее и нажмите Shift + Enter или нажмите сюда, чтобы сообщить нам.